ЧАРГОВЫ ЗВАРОТ ДА ПРАБЛЕМ АЙЧЫННАЙ ГІСТОРЫІ

Опубликовано ias - пн, 20/10/2025 - 12:36

16–17 кастрычніка 2025 г. адбылася Рэспубліканская навуковая  канферэнцыя “Беларусь у гістарычнай рэтраспектыве XIX – XXI ст.: этнакультурныя і нацыянальна-дзяржаўныя працэсы”, падрыхтаваная кафедрай гісторыі Беларусі. Першая канферэнцыя па гэтай тэматыцы адбылася яшчэ ў 2009 годзе, з тых часоў калектыў кафедры працягвае працу па рэалізацыі значных навуковых праектаў, падтрымлівае трывалыя сувязі з айчыннымі навукоўцамі і выдае зборнікі навуковых прац пасля абмеркавання праблем айчыннай гісторыі і культуры на гэтай канферэнцыі  (2009, 2011, 2013, 2015, 2017, 2019, 2021, 2023 гг. ). У 2025 годзе арганізацыйны камітэт атрымаў больш за 30 заявак. Сярод навукоўцаў, якія пажадалі прадставіць вынікі навуковых распрацовак, 6 дактароў гістарычных навук, а таксама 14 кандыдатаў навук. Выступоўцы з’яўляюцца выкладчыкамі і навуковымі супрацоўнікамі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна, Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П. В. Сухога, Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій, а таксама музейных устаноў: Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі, Брэсцкі абласны краязнаўчы музей.

На пленарным пасяджэнні выступіл дэкан факультэта гісторыі і міжкультурных камунікацый, кандыдат гістарычных навук, дацэнт С. А. Чаропка, які закрануў пытанні генацыда беларускага народа на матэрыялах Гомеля, у прэзентацыі ён прадэманстраваў фотадакументы, якія сведчаць аб адкрыцці новых фактаў з трагічных старонак ваеннага мінулага. Доктар гістарычных навук, прафесар, прафесар кафедры сацыяльна-гуманітарных і прававых дысцыплін УА “Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П. В. Сухога” С. А. Елізараў распавядаў пра беларускі праект Заходняй вобласці 1921 года. У сваім выступленні А. Р. Яшчанка ахарактарызавала прадметнае насычэнне музейнай экспазіцыі, прысвечанай гісторыі ГДУ імя Ф. Скарыны, падыходы да яе абнаўлення ў 2025 годзе да 95-гадовага юбілея ўніверсітэта і пазначыла перспектывы развіцця музейнай справы, накіраванай на захаванне памяці аб нашай навучальнай установе. Паведамленне суправаджалася дэманстрацыяй старых фотаздымкаў і вызначэннем ролі выкладчыкаў і студэнтаў ва ўдасканаленні адлюстравання гісторыі  універсітэта.

 

Загадчык кафедры гісторыі Беларусі,

кандыдат гістарычных навук, дацэнт А. Р. Яшчанка

Фотоотчёт