5 лютага адбылося ўрачыстае адкрыццё XVII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-ярмаркі. У яе працы прымаюць ўдзел многія краіны: Расія, Польшча, Украіна, Турцыя, Іран і інш.
Сваю кніжную прадукцыю прадставілі шматлікія беларускія выдаўцы. Сярод іх і выдавецтва «Народная асвета», якое прэзентавала шэраг вучэбна-метадычных выданняў. У іх ліку і дапаможнік «Навейшая гісторыя краін Азіі і Афрыкі», які падрыхтавалі загадчык кафедры ўсеагульнай гісторыі ГДУ імя Ф. Скарыны Мікалай Мязга і загадчык кафедры гісторыі і грамадазнаўчых дысцыплін МзДПУ імя І. П. Шамякіна Людміла Гаўрылавец.
8 лютага названыя аўтары па запрашэнню выдавецтва «Народная асвета» прадставілі свой дапаможнік наведвальнікам выставы. Дапаможнік выклікаў цікавасць перш за ўсё сярод студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі. Яны цікаваліся зместам дапаможніка, у якой ступені ён адпавядае сучаснаму стану гістарычнай навукі і вучэбнай праграме дысцыпліны «Гісторыя краін Азіі і Афрыкі». На гэтыя і іншыя пытанні аўтарамі былі дадзены вычарпальныя адказы. У ходзе прэзентацыі выдаўцамі адзначалася, што гэта першы ў нашай краіне дапаможнік па гісторыі краін Азіі і Афрыкі на беларускай мове.