Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны творы,
і гэты твор – мова.
А.Разанаў
21 лютага ва ўсім свеце адзначаюць Міжнародны дзень роднай мовы. Мы віншуем ўсіх, хто любіць гучанне роднага слова і ведае яго таямніцы, усіх, хто неабыякава адносіцца да культурнай спадчыны свайго народа, трапятліва аберагае яе і з гонарам трансліруе ўсяму свету.
Філалагічны факультэт далучыўся да мерапрыемстваў, прымеркаваных да Міжнароднага дня роднай мовы. Выкладчыкі факультэта правялі дыктаны на беларускай мове «Пішы граматна разам з намі» для студэнтаў розных спецыяльнасцей. Варта адзначыць, што маладыя людзі не толькі не засталіся абыякавымі, але і выявілі добры ўзровень валодання беларускім словам.
На факультэце адбыўся конкурс чытальнікаў «Мілагучная, прыгожая, мая». Гучанне вершаў і атмасфера, якая панавала ў аўдыторыі, падкрэслілі ўрачыстасць моманту і чарговы раз засведчылі прыгажосць беларускага слова.
У квэсце «Любі і ведай родную мову», падрыхтаваным старшынёй савета студэнтаў філалагічнага факультэта Яўгенам Пархоменкам і групай БФ-31, прынялі ўдзел амаль усе студэнты філалагічнага факультэта. Інтэрактыў, цікавыя заданні, сітуацыя спаборніцтва і жаданне перамагчы зрабілі падарожжа па старонках роднай мовы і літаратуры захапляючым і надзвычай карысным.
«Пароль неўміручасці – родная мова». Менавіта гэтыя словы П. Макаля сталі лейтматывам мерапрыемстваў, праведзеных на філалагічным факультэце ў Міжнародны дзень роднай мовы.
Алена Кастрыца