Пісьменніцкія колы Гомельскага ўніверсітэта (сайт "Созвучие")

Dmitry_Gorbachev 提交于 周二, 17/03/2020 - 12:21

Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт наведаў міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч.

У сустрэчы з кіраўніком інфармацыйнага ведамства краіны прынялі ўдзел выкладчыкі, студэнты розных факультэтаў універсітэта. Аляксандру Карлюкевічу задалі многія пытанні, звязаныя з развіццём айчынных мас-медыя, станам кнігавыдавецкай галіны, характарам распаўсюджвання кнігі ў Беларусі. Размова на сустрэчы ішла пра выкананне заканадаўства ў сродках масавай інфармацыі, пра тыя захады, якія ажыццяўляе міністэрства для арганізацыі 75-годдзя Вялікай Перамогі, іншых мерапрыемстваў, якія адыграваюць значную ролю ў выхаванні грамадства, найперш – моладзі нашай дзяржавы.

Міністр інфармацыі пабываў у музеі ўніверсітэта, а таксама ў музейных пакоях, якія працуюць на кафедрах беларускай і рускай літаратур. Уражлівым было знаёмства з многімі экспанатамі (найперш – кнігамі з аўтографамі, арыгінальнымі фотаздымкамі, рукапісамі лістоў), сабранымі загадыкам кафедры беларускай літаратуры доктарам філалагічных навук Іванам Штэйнерам і яго памагатымі. Матэрыялы, што ў агуле ствараюць выразны фрагмент гісторыі беларускай літаратуры, прысвечаны ў асноўным выпускнікам ВНУ, якія закончылі Гомельскі ўніверсітэт і здзейсніліся як празаікі, паэты, літаратуразнаўцы, публіцыст. У час экскурсіі Іван Фёдаравіч Штэйнер звярнуў асаблівую ўвагу на повязь з ВНУ, Гомелем народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна. Літаратурна-краязнаўчая работа, якая праводзіцца ў Гомелі, заслугоўвае асаблівай увагі. Відавочна, што наспела патрэба для грунтоўнага манаграфічнага выдання пра выпускнікоў, выкладчыкаў Гомельскага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, якія працуюць у беларускай літаратуры. Хаця ў розных фарматах, у тым ліку – і кніжных, гэтая тэма не абміналася.

http://sozvuchie.by/component/k2/pismennitskiya-koly-gomelskaga-niversiteta.html