Фізікі згуртавалі тых, хто хоча дапамагчы (NG-PRESS.BY)

Dmitry_Gorbachev 提交于 周四, 23/04/2020 - 17:46

Вакол ініцыятыўнай групы ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны згуртаваліся валанцёры, якія актыўна дапамагаюць ствараць ахоўныя маскі для медыкаў.

Аляксей Зайцаў, каардынатар праекта, асістэнт кафедры агульнай фізікі факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій, расказаў, што яны падтрымалі ініцыятыву мінскай майстэрні клуба “Хакерспэйс” і пачалі на 3D-прынтары вырабляць візары. Менавіта так называюцца ахоўныя шчыткі для дактароў, якія могуць дадаткова абараніць медыкаў ад небяспечнай інфекцыі.

Ініцыятыўную групу ў Гомелі стварылі літаральна за дзень. Былі тэрмінова прапрацаваны тэхналогія і папярэдні алгарытм дзеянняў. Прадстаўнікі ўстановы вышэйшай адукацыі звязаліся з вытворцамі аналагічнай прадукцыі ў сталіцы краіны, удакладнілі нюансы і пачалі выпуск візараў. Першую партыю ахоўных масак даставілі ў бальніцы Гомеля ўжо на наступны дзень. Аляксей Зайцаў расказвае, што тэхналогія аказалася нескладанай для выканання: “Трэба вырабіць на
3D-прынтары пластыкавыя экраны, якія злучаюцца з дужкамі. Ініцыятыўная група аб’ядноўвае ўсіх, хто далучыўся да праекта добраахвотна, і працуе ў рэжыме рэальнага часу. Я збіраў інфармацыю, аб’ядноўваў людзей, якія ў нашым рэгіёне маюць адпаведную тэхніку. Адначасова пачалі збіраць інфармацыю па бальніцах: каму і ў якой колькасці патрэбны такія візары. За першыя суткі сабралі 20 шчыткоў і развезлі па трох бальніцах. Дарэчы, па папярэдніх падліках, у Гомельскай вобласці іх патрэбна каля 200—300 штук”.

У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны дастаткова магутнасцей, каб хутка і якасна друкаваць шчыткі. На выраб такой пластыкавай маскі ідзе ад адной да трох гадзін. Вядома, кожны выраб мае сабекошт (без транспартных расходаў ён складае 5—6 беларускіх рублёў). Аднак у медыцынскія ўстановы ахоўныя шчыткі пастаўляюцца бясплатна. Цяпер да ініцыятывы па вырабе ахоўных масак на Гомельшчыне далучана восем фізічных асоб і чатыры юрыдычныя. Пачалі аказваць дапамогу спонсары, якія набываюць неабходныя матэрыялы, у тым ліку рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Белая Русь” заказала пластык для прынтараў.

Да праекта далучылася ТДА “Палідрэў”, якое бясплатна паставіць у бальніцы рэгіёна неабходныя ахоўныя шчыткі. Дасягнуты дамоўленасці з арганізацыямі, якія пры неабходнасці змогуць прыняць заказы ў па­трэбных аб’ёмах для паставак у райцэнтры Гомельскай вобласці. Плануецца перасылаць ім партыі, якія будуць размяркоўвацца па запатрабаванні.

Аляксей Зайцаў гаворыць, што гэтая грамадзянская ініцыятыва згуртавала людзей, якія вельмі хочуць дапамагчы ў складанай эпідэміялагічнай сітуацыі:

— Урачы кажуць, што маскі нашай вытворчасці вельмі зручныя. І галоўнае, што яны шматразовага выкарыстання, іх можна дэзынфіцыраваць. Пакуль атрымліваем толькі падзякі і пажаданні “Давайце яшчэ!”.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

https://ng-press.by/gomelshchyna/fiziki-zgurtavali-tyh-hto-hocha-dapamagchy