Сачыць за ўласным паступленнем праз мабільны тэлефон — рэальна (ng-press.by)

Dmitry_Gorbachev 提交于 周二, 23/06/2020 - 17:05

Студэнты Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны пад кіраўніцтвам вопытных выкладчыкаў распрацавалі мабільны дадатак “Абітурыент ГДУ”. Такім чынам моладзь атрымала больш зручны доступ да інтэрнэт-рэсурсаў універсітэцкага Цэнтра тэсціравання.

Раздзел “Абітурыент ГДУ” шмат гадоў з’яўляецца часткай афіцыйнага сайта ўніверсітэта. Аднак прагляд інфармацыі, асабліва табліц, з дапамогай мабільных прылад дагэтуль быў звязаны з пэўнымі цяжкасцямі, што абумоўлена рознымі фарматамі і тэхнічнымі характарыстыкамі гаджэтаў.

Па ініцыятыве рэктара ўніверсітэта Сяргея Хахомава кіраўнік Цэнтра тэсціравання Дзмітрый Хадановіч сфармуляваў перад студэнтамі і выкладчыкамі ГДУ задачу: распрацаваць мабільны дадатак для зручнага доступу абітурыентаў да даведачных матэрыялаў і асабістага кабінета. За справу ўзяліся прадстаўнікі факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій.

— Вырашыць задачу мы прапанавалі студэнтам 4 курса спецыяльнасці “Камп’ютарная фізіка” Нестару Федзіну і Дзмітрыю Касцючэнку. З хлопцамі працаваў дацэнт кафедры тэарэтычнай фізікі Яўген Дэй, — расказвае дэкан факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій Дзмітрый Каваленка. — Яны паспяхова рэалізавалі ўсе неабходныя элементы функцыянальнасці мабільнага дадатку, які, па сутнасці, з’яўляецца праграмнай абалонкай базавага сайта.

Самі студэнты гавораць, што для дасягнення годнай якасці дадатку яны некалькі разоў перараблялі праект з нуля. У выніку вырашылі выкарыстоўваць натыўныя (родныя) асяроддзі распрацоўкі для платформаў Android і iOS.

— Мэтай было інтуітыўнае і простае адлюстраванне інфармацыі Цэнтра тэсціравання для абітурыентаў, з чым дадатак ужо выдатна спраўляецца. Асноўная частка работы выканана, цяпер праграма актыўна дапрацоўваецца, паляпшаецца існуючы функцыянал, — дадае Нестар Федзін.

Дзмітрый Леанідавіч падкрэслівае, што студэнты правялі вялікую, старанную работу. Пры распрацоўцы дадатку неабходна было прадугледзець захаванне даных у памяці тэлефона, прадумаць варыянты адлюстравання пры пераключэнні арыентацыі, вырашыць праблему паводзін мабільніка ў выпадку недаступнасці або адключэння сеткі, пратэсціраваць кожны элемент.

З дапамогай дадатку “Абітурыент” на экране мабільнага тэлефона можна лёгка і хутка атрымаць актуальную інфармацыю аб хо­дзе уступнай кампаніі, выконваць дзеянні ў кабінеце абітурыента, папярэдне падаць дакументы і адсочваць конкурсную сітуацыю, атрымліваць аператыўную інфармацыю аб цэнтралізаваным тэсціраванні.

— Трэба адзначыць, што выкарыстанне дадатку, рэгістрацыя ў асабістым кабінеце абітурыента і нават загрузка копій дакументаў не вызваляе юнакоў і дзяўчат ад неабходнасці асабістага візіту ў прыёмную камісію ўніверсітэта, — падкрэслівае кіраўнік Цэнтра тэсціравання Дзмітрый Хадановіч.

Дарэчы, літаральна на мінулым тыдні ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце завяршыўся конкурс сярод маладых вучоных на распрацоўку лепшага дадатку для мабільных тэлефонаў. Ён быў абвешчаны навукова-даследчым сектарам сумесна з прафсаюзным камітэтам студэнтаў яшчэ вясной. Удзельнічаць у конкурсе маглі ўсе жадаючыя: студэнты, магістранты, аспіранты і маладыя спецыялісты.

Асноўная задача, якая ставілася перад распрацоў­шчыкамі, — стварыць цікавы, актуальны і запатрабаваны дадатак, які дазволіць палепшыць і аўтаматызаваць вучэбныя, навуковыя, выхаваўчыя або гаспадарчыя працэсы ва ўніверсітэце, а магчыма і вырашыць іншыя важныя задачы ў розных сферах жыцця. Сярод прадстаўленых на конкурс работ былі дадаткі для вызначэння геалакацыі пацыентаў і машын хуткай дапамогі, прыстасаванне для атрымання інфармацыі пра экспанаты музея ГДУ, “Расклад вучэбных заняткаў”, “Бяспечны шлях” і інш.

У конкурсе прымалі ўдзел і распрацоўшчыкі дадатку “Абітурыент ГДУ” Нестар Федзін і Дзмітрый Касцючэнка. Разам са сваімі кіраўнікамі яны занялі ганаровае 2-е месца. Зараз бясплатны дадатак ужо змешчаны ў Google Play і AppStore.

Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

https://abituryent.ng-press.by/sachycz-za-%d1%9elasnym-pastuplennem-praz-mabilny-telefon-realna/