У падтрымку маладых даследчыкаў («Настаўніцкая газетa»)

Dmitry_Gorbachev 提交于 周三, 10/02/2021 - 16:40

Студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя “Альянс” факультэта псіхалогіі і педагогікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны атрымае грант спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў у памеры 64 584 рублёў.

Студэнцкае аб’яднанне “Альянс” было створана ў рамках навукова-вучэбна-практычнай лабараторыі прыкладной псіхалогіі на факультэце псіхалогіі і даўніверсітэцкай падрыхтоўкі ў 1999 годзе. З 2001 года гэта самастойнае падраздзяленне кафедры сацыяльнай і педагагічнай псіхалогіі. Кіруе навуковым аб’яднаннем загадчык кафедры, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Таццяна Шацюк.

— Для паляпшэння якасці прафесійнай падрыхтоўкі студэнтаў мы актыўна прыцягваем іх да ўдзелу ў даследчай, творчай і навукова-практычнай дзейнасці ў сучасных галінах псіхалогіі, — расказвае Таццяна Георгіеўна.

Трэба сказаць, што “Альянс” атрымлівае прэзідэнцкі грант не ўпершыню, раней аб’яднанне было ўдастоена гэтай высокай узнагароды двойчы, у 2003 і 2010 гадах. Пра эфектыўнасць работы яскрава сведчаць лічбы. За конкурсны перыяд удзельнікамі “Альянсу” апублікавана 513 навуковых работ: 3 артыкулы ў часопісе з пераліку ВАК, 49 артыкулаў у рэцэнзуемых зборніках і часопісах, не ўключаных у пералік ВАК, 177 артыкулаў у рэцэнзуемых зборніках для маладых навукоўцаў і студэнтаў, 152 матэрыялы канферэнцый, якія не адносяцца да студэнцкіх, і 132 матэрыялы студэнцкіх канферэнцый.

— Улетку сіламі выкладчыкаў і студэнтаў факультэта, у тым ліку ўдзельнікаў навукова-даследчай лабараторыі, на базе ГДУ была арганізавана і праведзена II Міжнародная завочная навукова-практычная канферэнцыя “Вектары псіхалогіі: псіхолага-педагагічнае суправаджэнне асобы ў сучасным адукацыйным асяроддзі”, — працягвае размову Таццяна Шацюк. — Паводле яе вынікаў выдадзены зборнік навуковых артыкулаў і праведзены конкурс на лепшы навуковы даклад студэнтаў, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі Беларусі і краін СНД.

Штогод студэнцкія дыпломныя, магістарскія і курсавыя работы прадстаўляюцца на Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі і атрымліваюць высокую ацэнку камісіі. Маладыя людзі актыўна публікуюць вынікі сваіх даследаванняў у зборніках навуковых прац студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў ГДУ імя Ф.Скарыны “Творчасць маладых” і “Дні студэнцкай навукі”.

Тры гады запар кафедра сацыяльнай і педагагічнай псіхалогіі лідзіруе ў рэйтынгу па навукова-даследчай дзейнасці студэнтаў ва ўніверсітэце, што сведчыць аб сі­стэмнай рабоце ў сферы студэнцкай навукі. Па выніках дзейнасці ў 2019/2020 навучальным годзе “Альянс” быў прызнаны лепшай студэнцкай навукова-даследчай лабараторыяй сярод усіх падобных падраздзяленняў ГДУ імя Францыска Скарыны.

Сродкі, выдзеленыя спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, да­зволяць умацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу лабараторыі, што ў сваю чаргу будзе садзейнічаць арганізацыі і паспяховай рэалізацыі шэрага навукова-даследчых і валанцёрскіх праектаў.

Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

https://nastgaz.by/u-padtrymku-maladyh-dasledchykau/