Карыснае ўзаемадзеянне па сістэме практыкаарыентаванага навучання наладжана паміж заказнікам рэспубліканскага значэння “Выдрыца” і Гомельскім дзяржаўным універсітэтам імя Францыска Скарыны. Да навукова-даследчай дзейнасці далучаюцца таксама школы, гімназіі і ўстановы дадатковай адукацыі Светлагорскага раёна.
Заказнік рэспубліканскага значэння “Выдрыца” знаходзіцца ў Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці. Першапачаткова ў 1999 годзе яму хацелі прысвоіць званне гідралагічнага, бо на яго тэрыторыі звыш за 25 унікальных і найпрыгажэйшых азёр. Колькасць жа натуральных прыродных ландшафтаў, на якіх пражываюць рэдкія, ахоўныя і рэсурсныя віды флоры і фаўны, перавышае гэты паказчык, таму заказнік атрымаў званне ландшафтнага, што толькі прымнажае яго статус. Дырэктар установы Аляксей Шутаў упэўнены, што перспектыва развіцця прыроднага аб’екта – найшырэйшая.
– Акрамя ўнікальнага прыроднага комплексу мы маем экатурыстычную базу “Урэчча”, якая знаходзіцца ў маляўнічым месцы на зліцці ракі Бярэзіна і Судавіцкай старыцы. Гэта дазваляе прыцягнуць не толькі паток турыстаў, але і павысіць ступень інфармаванасці насельніцтва пра заказнік “Выдрыца”. У нас створаны чатыры зялёных экалагічных маршруты. Адметнасцю троп з’яўляецца тое, што ўсе яны праходзяць па дзікіх, некранутых мясцінах, там няма добраўпарадкаваных дарожак і іншых выгод, што і вабіць турыстаў.
Узаемадзеянне паміж “Выдрыцай” і ГДУ імя Ф.Скарыны наладжана ўжо даўно, але больш цесным яно стала, калі на сваё першае працоўнае месца ў заказнік прыехала выпускніца ўніверсітэта, малады спецыяліст-эколаг Таццяна Дземчанка. Са з’яўленнем Таццяны Уладзіміраўны на тэрыторыі прыроднага аб’екта актывізаваліся навуковыя даследаванні: маніторынг, пошук новых відаў рэдкіх і знікаючых жывёл, раслін, аналіз і сістэматызацыя атрыманых даных. Малады эколаг скончыла магістратуру геолага-геаграфічнага факультэта ГДУ імя Ф.Скарыны, але не страціла сувязь з выкладчыкамі і дагэтуль. Наадварот, навуковае супрацоўніцтва паміж установамі толькі пашыраецца. Студэнты праходзяць на базе “Выдрыцы” вытворчую практыку і адточваюць атрыманыя тэарэтычныя веды, вучоныя праводзяць навуковую работу. Пра свае летнія даследаванні распавёў дацэнт кафедры экалогіі Аляксандр Саварын:
– Для ацэнкі біяразнастайнасці выкарыстоўваюцца розныя метады даследавання: назіранне і фатаграфаванне, правядзенне эксперыменту з выкарыстаннем рэчываў, што прыцягваюць жывёл, адлоў асобных індывідаў. Мы выставілі мадыфіцыраваныя пасткі Барбера – пластыкавыя кантэйнеры, укапаныя на ўзроўні зямлі. Яны зручныя для адлову, напрыклад, невялікіх бесхрыбтовых – павукоў, жукоў. Сабраны матэрыял будзе захаваны ў калекцыі. Асаблівую ўвагу надалі тэхніцы фатаграфавання невялікіх біялагічных аб’ектаў. Гэта важна не толькі для падрыхтоўкі фотакаталога, але і для параўнальнай ацэнкі вынікаў, атрыманых іншымі спецыялістамі. Мяркуем, што на тэрыторыі рэзерву пражывае шэраг відаў дробных млекакормячых, пералічаных у Чырвонай кнізе Беларусі 2015 года, а таксама дрэнна вывучаныя віды.
Напрыканцы снежня Таццяна Уладзіміраўна атрымала падзяку Светлагорскага райвыканкама за ўклад у развіццё экалагічнага турызму Светлагорскага раёна і ўдзел у распрацоўцы мабільнага дадатку “Экатурыстычныя маршруты заказніка рэспубліканскага значэння “Выдрыца” у рамках эка-хакатона “Зялёная даліна”, што прайшоў на базе ГДУ імя Ф.Скарыны. Акрамя спецыяліста-эколага над праектам працавалі студэнты розных факультэтаў гомельскага ўніверсітэта (фізікі і інфармацыйных тэхналогій, геолага-геаграфічнага), студент БДКЛП імя У.Я.Чарнышова Уладзіслаў Калач, прадстаўнікі навукова-даследчай лабараторыі возеразнаўства факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ, гімназіі Веткі, рэдакцыі газеты “Светлагорскія навіны”, курыравалі распрацоўшчыкаў спецыялісты IBA Gomel Park. Дарэчы, праект “Экатурыстычныя маршруты заказніка рэспубліканскага значэння “Выдрыца” заняў на эка-хакатоне ганаровае першае месца!
– Вялікая работа праводзіцца рэспубліканскім заказнікам і ў накірунку далучэння да экалагічнай і навукова-даследчай дзейнасці школьнікаў. Зусім нядаўна былі падведзены вынікі творчага конкурсу навучэнцаў “Адзінства з прыродай Беларусі”, арганізаванага сумесна з геолага-геаграфічным факультэтам ГДУ імя Ф.Скарыны. Узнагароджанне пераможцаў адбылося падчас семінара “Уплыў змянення клімата на водныя рэсурсы Светлагорскага раёна”, што праходзіў на базе заказніка. Удзел у конкурсе прынялі каля 70 навучэнцаў з усёй Гомельскай вобласці, – расказала Таццяна Уладзіміраўна.
А яшчэ на тэрыторыі “Выдрыцы” сёлета арганізавана сапраўдная рэзідэнцыя Дзеда Мароза, у якой ужо пабывала шмат дзяцей і падлеткаў. Дырэктар заказніка Аляксей Шутаў паведаміў, што на наступны год таксама запланавана вялікая колькасць сумесных праектаў і мерапрыемстваў на экалагічную тэматыку і не толькі. Пазнаёміцца з жывёльным і раслінным светам заказніка, яго некранутымі ландшафтамі, гісторыяй стварэння будзе цікава не толькі школьнікам і студэнтам, але і сталым навукоўцам.
Кацярына КАВАЛЕНКА
https://ng-press.by/2021/12/31/studentam-praktyka-vuchonym-baza-dlya-dasledavannyau/