Конкурс знаўцаў роднай мовы і літаратуры!

Dmitry_Gorbachev 提交于 周三, 17/01/2024 - 16:50

Алімпіядны рух – адзін з яркіх складнікаў нацыянальнай сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі. Асноўныя мэты алімпіяды – павышэнне цікавасці да вучэбных прадметаў, развіццё творчых здольнасцей, паглыбленне тэарэтычных ведаў і практычных уменняў, садзейнічанне самарэалізацыі асобы.

Традыцыйна ў студзені праходзіць трэці этап Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. З 8 па 11 студзеня на базе Гомельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага  каледжа праводзілася алімпіяда па беларускай мове і беларускай літаратуры.  Удзельнікі – 98 навучэнцаў дзявятых, дзясятых і адзінаццатых  класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Гомеля і Гомельскай вобласці.

 Першы тур – напісанне  водгуку на прапанаваны вершаваны ці празаічны твор. Алімпіяднікі павінны былі прадэманставаць чытацкі вопыт, уменне выяўляць асноўную тэматыку і праблематыку, ідэю твора, разуменне аўтарскай пазіцыі; абгрунтаваць уласнае прачытанне твора, вызначыць ролю сюжэта, кампазіцыі, выяўленчых сродкаў выразнасці. На выніковы бал уплывалі моўнае і кампазіцыйнае афармленне водгуку, творчы характар работы.

Другі этап – комплексная работа па беларускай мове і літаратуры. Прапанаваныя ў комплекснай рабоце заданні ахопліваюць розныя раздзелы сучаснага мовазнаўства, а таксама выяўляюць веды па гісторыі і тэорыі беларускай літаратуры. Матэрыял базіруецца на школьнай праграме, пры гэтым правяраецца мысленчая самастойнасць і  кругагляд.

Алімпіяда – гэта выпрабаванне не толькі для ўдзельнікаў, але і для членаў журы – выкладчыкаў  кафедры беларускай мовы і кафедры беларускай літаратуры УА “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны”. Каб ацаніць работы, неабходны глыбокія веды і ўважлівасць. А яшчэ журы павінна было вызначыць лепшых з лепшых. Пераможцаў трэцяга этапу чакаюць новыя спаборніцтвы – заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды, які пройдзе ў сакавіку.

Хочацца верыць, што ўдзельнікі алімпіяды стануць сапраўднымі знаўцамі роднага слова і надалей захаваюць цікавасць і любоў да беларускай мовы і літаратуры, папоўняць шэрагі студэнтаў філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнга ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.

Алена Палуян, дэкан філалагічнага факультэта,
член журы

照片报告