Акадэміцкія повязі лёсу

ias 提交于 周二, 02/04/2024 - 15:35

У чарговы раз факультэт замежных моў гасцінна сустракае студэнтаў з Расіі. Гэтым разам наведала нас па праграме вучэбнага абмену васьмёра навучэнцаў з прыватнай адукацыйнай установы вышэйшай адукацыі «Казанскі інавацыйны ўніверсітэт імя В.Г. Цімірасава», якія таксама вывучаюць замежныя мовы, набываючы прафесію свайго жыцця па спецыяльнасці «Лінгвістыка» на кірунку «Пераклад і перакладазнаўства» з веданнем англійскай, французскай, нямецкай і кітайскай моў. Гэта сямёра студэнтаў 2-га курса: Марат Асылгараеў, Міхаіл Бажутаў, Соф’я Вакуліна, Дзіяна Валіева, Ларыса Пятрова, Карына Габдулліна, Альбіна Шакірава і адна студэнтка 1-га курса Мілена Бакіева. У гомельскім аэрапорце 01.04.2024 сустракалі сваіх аднагодкаў Іван Працко і Марыя Фёдарава з групы А-24 факультэта замежных моў.

Большасць прыехаўшых навучэнцаў паходзіць з самой Казані, але ёсць сярод іх і ўраджэнцы далёкаўсходняга Хабараўска, і ханты-мансійскага Нафтаюганска Цюменскай вобласці. Дванаццаць гадзін цягніком трывала падарожжа моладзі з Казані да Масквы і ўсяго толькі гадзіну і восем хвілін – самалётам з маскоўскага Шарамецьева да Гомеля. Побыт гасцей   працягнецца ў нас з 01.04. па 28.04.2024 і будзе, безумоўна, насычаны і адукацыйнымі, і культурнымі мерапрыемствамі.

Казанскія студэнты, па іх словах, былі вельмі ўражаны незвычайна цёплым надвор’ем нашага рэгіёну і такой жа цеплынёй беларусаў, што трапіліся ім у першыя дні знаёмства з нашым горадам.

Думаецца, узаемадзеянне на ніве адукацыі і культурнага дыскурсу дасць свой плённы вынік у сферы міжнародных стасункаў і далейшым паспяховым наладжванні такога роду кантактаў. Пажадаем жа нашым гасцям прыемнага і карыснага побыту на гасціннай палескай зямлі!

Намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце факультэта замежных моў Рыгор Уладзіміравіч Серыкаў

照片报告