Сярод годных увагі куткоў на Гомельшчыне ёсць і музей стараабрадніцтва, народных промыслаў і старадрукаванай кнігі, што месціцца ў суседняй Ветцы. Менавіта туды скіраваліся 11.04.2024 замежныя студэнты-стажоры з Расіі і Туркменістана, што навучаюцца цяпер у нашым універсітэце. А прыгожыя ж нашы мясціны вясной! Паглядзелі мы дарогай і буслоў, і лебядзей, і квітнеючыя алычовыя ды яблыневыя сады. А што ўжо казаць пра самую экскурсію!
Гісторыя сівой мінуўшчыны з яе прыладамі працы і працоўнымі абрадавымі традыцыямі, гісторыя саматканых рушнікоў і старажытных ікон, тэхнікі перапісвання і друкавання кніг – усё гэта з цікавасцю слухалі нашыя наведвальнікі і былі ў захапленні ад усяго пачутага з вуснаў экскурсавода пані Марыі. Нягледзячы на значныя адметнасці ў нашых культурах і рэгіянальных традыцыях, хлопцы і дзяўчаты знайшлі многа падобнага і блізкага ў многіх рэаліях колішняга ладу жыцця усходніх славян Пятроўскага і больш позніх перыядаў, пранікліся лёсам вернікаў з Веткі, якія тройчы вярталіся на спаленыя мясціны і адбудоўваліся нанова, трымаючыся сваёй веры і традыцый.
Многа цікавай і павучальнай інфармацыі вынеслі слухачы з гэтай паездкі, што ў чарговы раз зладзіў для сваіх гасцей дружны калектыў дэканата факультэта замежных моў: Алена Уладзіміраўна Сажына, Таццяна Уладзіміраўна Гардзеева, Юлія Аляксандраўна Беразоўская.
Намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце Р.У. Серыкаў