Наватарскімі формамі яго паэзіі захапляюцца сучаснікі. Феномен яго майстэрства вывучаюць даследчыкі. Па яго творчасці абараняюць дысертацыі навукоўцы.
Вядомы беларускі паэт сучаснасці Алесь Разанаў наведаў ГДУ.
Прэзентацыі “перастварэнняў” арыгінальных тэкстаў Францыска Скарыны ў паэтычную асучасненую форму была прысвечана сустрэча аўтара са студэнтамі, выкладчыкамі і супрацоўніўнікамі ўніверсітэта. “Маем найбольшае самі” – кніга Алеся Разанава з сімвалічнай назвай тлумачыць сэнс пасланняў вялікага асветніка, дэманструе неверагодную паэтычнасць і выразнасць яго друкаванага слова, яднае між сабой далекія стагоддзі, даказваючы спрадвечную акутальнасць агульначалавечых каштоўнасцей.
“Слова, якое адрасаваў Скарына сваім сучаснікам 500 гадоў таму, гучыць значна і велічна і сёння, — лічыць пісьменнік. – Яно адгукаецца праз час і прастору, бо чалавек, на жаль, так і не вызначыўся ў сваёй місіі на Зямлі”.
На думку Алеся Разанава, багатай і невычарпальнай культурна-гістарычнай скарбніцай валодаюць беларусы. Не кожная нацыя мае магчымасць ганарыцца такім старажытным скарбам. Аднак вось ён, парадокс чалавека, — што маем, не ўсведамляем, не зберагаем.
“Мы і багатыя, і бедныя адначасова… Валодаем неацэнным багаццем, аднак яго не шануем! Калі спадчына не актывізуецца, не адраджаецца, не узбагачаецца, яна знікае, цьмянее з хуткаплынным бегам часу. Ажывіце яе!”, — з такім заклікам звярнуўся да прысутных беларускі пісьменнік.
Спроба адрадзіць і адаптаваць да сучаснікаў гісторыю 500-гадовай даўнасці – гэта і ёсць кніга творцы “Маем найбольшае самі”. Роўна і мілагучна кладуцца словы прадмоўяў і пасляслоўяў Скарыны да Бібліі на паэтычныя радкі.
Адзін з нямногіх Алесь Разанаў разгледзеў у старажытных пісьмёнах сапраўдную паэзію і падаў яе на сучасны лад. Кніга пісьменніка – гэта не банальны переклад тэкстаў першадрукара, гэта самастойны твор, арыгінальны, аўтарскі, з індывідуальнымі адметнасцямі почырку!
Яскравы і непаўторны почырк Алеся Разанава ў поўнай меры ацанілі ўдзельнікі мерапрыемства. Творца дэкламаваў паэтычныя радкі, здзіўляў прысутных сваімі наватарскімі “вершаказамі” і нават правёў майстар-клас па стварэнню глыбокіх па сэнсу “пункціраў”.
Сапраўды шчырай і цёплай атрымалася літаратурная сустрэча. Тэма прыгажосці і велічнасці культурнай спадчыны з’яднала людзей, захапленне творчасцю славутага сучаснага пісьменніка чыталася ў вачах усіх прысутных.
Безліч пытанняў на невялічкіх аркушах перадавалі студэнты і выкладчыкі да Алеся Разанава. Моладзь цікавілася тым, як паэт пачаў свой творчы шлях, дзе жыве яго муза, якое прызначэнне чалавека на Зямлі, што такое прыгажосць і каханне.
“Я гляджу на свет закаханымі вачыма, — прызнаўся пісьменнік. – І гэта пачуццё дапамагае шукаць паэзію і вялікі сэнс у простых рэчах”.
“Адзначаючы юбілейны год друку, мы можам сцвярджаць, што кніга Алеся Разанава “Маем найбольшае самі” – вялікая падзея ў культурным жыцці краіны, — адзначыў д.ф.н., прафесар Іван Штэйнер. – Яна адрасаваная ўсяму свету, і кожны знойдзе ў ёй нешта сваё. Засталося толькі пашукаць…”.
Святлана Хазей
Фота Уладзіміра Чысціка