Студэнты ГДУ прынялі ўдзел у адкрыцці фестывалю «Сожскі карагод»

Submitted by ias on пан, 17/09/2018 - 14:09

14 верасня на стадыёне «Цэнтральны» адбылося ўрачыстае адкрыццё IX Міжнароднага фестывалю харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод». У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел студэнткі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, якія сталі часткай маштабнага танцавальнага шоў «Час выбраў нас». У фінале фэсту дзяўчаты выканалі кампазіцыю "Наш карагод", кульмінацыяй якой стала эмблема фестывалю – гатовы да палёту бусел. Вобраз гэтай ганарлівай і пяшчотнай птушкі цесна звязаны з Гомельскай зямлёй. Плаўна лунаюць у высокім небе велічныя буслы сімвалізуюць надзейнасць, спакой і ўтульнасць.

Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва "Сожскі карагод", заснаваны ў 1997 годзе Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, Гомельскім абласным выканаўчым камітэтам, Гомельскім гарадскім выканаўчым камітэтам, нязменна прыцягвае да сябе ўвагу маштабам дзейства, колькасцю ўдзельнікаў з розных краін, атмасферай дружбы і яркасцю талентаў, размахам мерапрыемстваў.

Актыўны ўдзел у фестывалі прымаюць творчыя калектывы з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Балгарыі, Францыі, Польшчы, Сербіі, Італіі і многіх іншых краін.

Мэтамі гэтага танцавальнага форуму з'яўляецца развіццё харэаграфічнага мастацтва, пашырэнне і ўмацаванне творчых сувязяў, узаемадзеянне нацыянальных культур розных народаў.

Фота Таццяны Флерко і Дар'і Сянкевіч

Фотасправаздача