6 сакавіка адбылася першая ў сваім родзе дыстанцыйная эколага-геаграфічная віктарына «Мая малая радзіма» для вучняў 7-11 класаў устаноў сярэдняй адукацыі Гомельскай вобласці.
Мерапрыемства было арганізавана ў рамках абвешчанага ў 2019 года ў Рэспубліцы Беларусь Года малой радзімы. Арганізатарамі мерапрыемства сталі галоўнае ўпраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама, установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны» і дзяржаўная ўстанова адукацыі «Гомельскі абласны інстытут развіцця адукацыі».
Віктарына падала цудоўны шанец праверыць веды самых дапытлівых школьнікаў з усіх куткоў вобласці аб прыродзе, гісторыі і экалагічных праблемах свайго роднага краю.
Цікавасць да віктарыны праявілі 226 навучэнцаў з Гомельскай вобласці. Па выніках праведзенага дыстанцыйна тэсту будуць адабраныя 10 пераможцаў. Вынікі віктарыны будуць абвешчаныя ва ўрачыстай абстаноўцы 23 сакавіка 2019 года ў рамках Дня адчыненых дзвярэй у ГДУ, у той жа дзень адбудзецца і ўшанаванне пераможцаў.