У другі дзень верасня ў самым буйным універсітэце рэгіёна – ГДУ імя Ф. Скарыны – прайшла ўрачыстая лінейка, прысвечаная Дню ведаў. Святочныя ўборы і шчаслівыя твары першакурснікаў, сказаныя выкладчыкамі словы на дарогу і абавязковы атрыбут свята – перадача новай змене “скарынаўцаў” сімвалічных студэнцкага білета і Ключа ведаў. Традыцыі ўніверсітэцкай лінейкі застаюцца ранейшымі, мяняюцца толькі пакаленні хлопцаў і дзяўчат, якім даверана іх захаваць і прымножыць.
Першыя віншаванні ўчарашнім абітурыентам адрасаваў рэктар ГДУ імя Ф. Скарыны Сяргей Анатольевіч Хахомаў. Ён жа распавёў аб перспектывах і магчымасцях, якія адкрыты для моладзі ў галоўнай альма-матар Гомельшчыны.
– Каля паўтары тысячы першакурснікаў сёння ўпершыню ўвойдуць у аўдыторыі ўніверсітэта, пазнаёмяцца са сваімі дэканамі і выкладчыкамі. У абранай вамі ВНУ ёсць усё для таго, каб атрымаць якасныя веды, адбыцца як прафесіянал і ўсебаковая асоба. Шукайце сябе ва ўсіх сферах жыцця – навуцы, спорце, творчасці! Спадзяюся, што праз чатыры гады я змагу паціснуць вам рукі і ўручыць дыплом аб заканчэнні аднаго з самых прэстыжных універсітэтаў краіны.
На галоўным свяце верасня як не ўспомніць пра людзей, якія стаялі ля вытокаў стварэння ВНУ, не толькі навучалі і выхоўвалі моладзь, але і абаранялі краіну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў?! Як першы ўрок памяці для першакурснікаў – урачыстае ўскладанне кветак да мемарыяльных дошак заслужаных акадэмікаў і ганаровых прафесараў ГДУ, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, франтавікоў У.В. Анічэнкі, І.Ф. Харламова і М.А. Дзмітрыева.
– Памятайце гісторыю і паважайце традыцыі ўніверсітэта, студэнтамі якога вы сталі, вучыцеся і займайцеся навукай, – звярнуўся да ўдзельнікаў лінейкі член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар хімічных навук, прафесар Аляксандр Уладзіміравіч Рагачоў. – У сваю чаргу мы, выкладчыкі, заўсёды ахвотна дапаможам і падтрымаем вас. У добры шлях!
Паспяховага і цікавага шляху да ведаў першакурснікам пажадалі доктар фізіка-хімічных навук, прафесар Міхаіл Васільевіч Селькін, студэнты-валанцёры і стыпендыяты Спецыяльнага Прэзідэнцкага фонду па падтрымцы адоранай моладзі, а таксама сам Францыск Скарына, у ролі якога выступіў выпускнік ГДУ, акцёр студэнцкага тэатра «Люстэрка» Вадзім Савянкоў.
Урачыстая частка Дня ведаў скончылася. У светлыя адрамантаваныя аўдыторыі першакурснікаў паклікаў званок – першы ў іх студэнцкім жыцці.
Святлана Хазей
Фота Уладзіміра Чысціка