Таленавіты педагог і яркая асоба

Submitted by Dmitry_Gorbachev on пан, 18/05/2020 - 18:29

16 мая адзначыла юбілей дацэнт кафедры оптыкі, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Ганна Мікалаеўна Гадлеўская.

Ганна Мікалаеўна Гадлеўская нарадзілася 16 траўня ў Гомелі ў сям'і рабочых. З дзяцінства любіла гуляць з сяброўкамі ў школу, марыла стаць настаўнікам. У 1957 годзе яна паступіла ў першы клас сярэдняй школы № 6 г. Гомеля, якую скончыла з залатым медалём.

- У школе быў вельмі дружны настаўніцкі калектыў, узначальваў яго Ігнат Акімавіч Ерофеенко, які ведаў не толькі кожнага вучня школы, але і яго бацькоў, - успамінае Ганна Мікалаеўна. - Пры гэтым у кожным вучне настаўнікі заўважалі тое добрае, што ў ім было, у выхаванні абапіраліся менавіта на лепшыя якасці дзяцей, і працавалі ў цесным кантакце з бацькамі.

Па заканчэнні школы здала ўступны іспыт па фізіцы з адзнакай «пяць», і здаваць іншыя экзамены не спатрэбілася. З верасня 1967 года стала студэнткай. Пасля заканчэння трэцяга курсу ёй была прызначаная Ленінская стыпендыя, і такое рашэнне прымалася пасля кожнага семестра - да заканчэння вучобы ў ВНУ з уручэннем дыплома з адзнакай.

- Зараз мы дзівімся з таго, што студэнты аднаго курсу іншы раз зусім не ведаюць адзін аднаго. У нашы студэнцкія гады такое было немагчыма. Наша сацыялізацыя была якасна арганізавана: у верасні мы хутка перазнаёміліся, калі капалі бульбу і прыбіралі яблыкі ў Чачэрскім раёне, і на працягу ўсіх гадоў вучобы ў нас было шмат агульных спраў і інтарэсаў.

Падчас вучобы ў ВНУ прымала ўдзел у мастацкай самадзейнасці, займалася лёгкай атлетыкай, з'яўлялася намеснікам, а затым сакратаром камсамольскага бюро факультэта, членам камітэта камсамола універсітэта. Камсамольскую арганізацыю факультэта ўзначальвала і ў першы год працы асістэнтам кафедры агульнай фізікі, куды была накіравана па размеркаванні. Яшчэ да пачатку работы на кафедры прайшла стажыроўку ў якасці памочніка старэйшага тэхнічнага сакратара прыёмнай камісіі і ў наступныя два гады кіравала працай тэхнічнага сакратарыята, а затым неаднаразова працавала ў складзе экзаменацыйных камісій па фізіцы ў ходзе прыёмнай кампаніі.

Пасля адкрыцця кафедры оптыкі была пераведзена ў яе штат, і паслядоўна займала пасады асістэнта, старшага выкладчыка, дацэнта. На працягу многіх гадоў дапамагала загадчыку кафедры: курыравала вучэбна-метадычную, ідэйна-выхаваўчую працу выкладчыкаў кафедры, а таксама навукова-даследчую працу студэнтаў. У кастрычніку 1991 гады абараніла кандыдацкую дысертацыю ў Інстытуце фізікі НАН БССР.

З 1995 года з'яўляецца вучоным сакратаром савета па абароне кандыдацкіх дысертацый. А.М. Гадлеўская - сааўтар праграмы кандыдацкага экзамену па оптыцы, зацверджанай ВАК Беларусі. Член журы абласной і рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы. Па яе ініцыятыве адноўлены рэспубліканскі конкурс-гульня па фізіцы «Зубраня», да якога яна на працягу шэрагу гадоў распрацоўвала задання. А.М. Гадлеўская паспяхова кіруе студэнцкай навукова-метадычнай работай на кафедры оптыкі: неаднаразова студэнцкія навуковыя працы, выкананыя пад яе кіраўніцтвам, адзначаны дыпломамі I, II, III ступені на рэспубліканскіх конкурсах студэнцкіх навуковых работ, аўтар адной працы ўдастоена звання лаўрэат.

- Ганна Мікалаеўна Гадлеўская карыстаецца павагай і аўтарытэтам у педагагічных колах рэспублікі, сярод выкладчыкаў, студэнтаў і супрацоўнікаў факультэта і універсітэта. Яна чытае ў цяперашні час або чытала раней курсы лекцый па фізіцы атама і атамных з'яў, оптыцы, спецкурсах. З'яўляецца сааўтарам навучальнага дапаможніка «Фізіка атама і атамных з'яў", рэкамендаванага ВМА па прыродазнаўчанавуковай адукацыі для студэнтаў ВНУ. На працягу ўсіх гадоў работы актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці ўніверсітэта. Калегі і студэнты лічаць Ганну Мікалаеўну таленавітым і патрабавальным выкладчыкам. Яна неаднаразова станавілася ўладальніцай узнагарод рознага ўзроўню, - адзначае дэкан факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій Дзмітрый Леанідавіч Каваленка.

Кацярына КАВАЛЕНКА

Фотасправаздача