Вельмі прыемна заканчваць год добрымі справамі! 23 снежня валанцёрскі атрад “НемАн” факультэта замежных моў наведаў Рэчыцкі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця для таго, каб павіншаваць дзетак з надыходам Новага года і Каляд. Гэты дзіцячы дом атрад наведвае не першы год, але ў гэтым раз усё атрымалася не так, як заўсёды. COVID-19 унёс свае карэктывы ў нашы планы, і мы, на жаль, не змаглі правесці канцэртную праграму. Але чараўніцтва не абыходзіць бокам добрыя справы: сама прырода зрабіла сюрпрыз дзеткам і паказала ім набліжэнне свята па-сапраўднаму зімовым надвор’ем. Сняжынкі на вуліцы, прывезеныя прысмакі і мандарыны сказалі: «Святу быць!»
Дапамагчы дзецям і дарослым можа кожны. Усё, што для гэтага трэба, – жаданне. Жаданне дапамагчы. Той, хто лічыць, што дапамога заключаецца толькі ў фінансах, той памыляецца. Не ў грошах шчасце, ёсць яшчэ Каханне, без якога жыццё наогул не мае сэнсу, ёсць яшчэ Разуменне і Спагада. Значна каштоўней для чалавека адчуваць, што ў яго вераць, што яму гатовы дапамагчы. Дзякуй кожнаму, хто прыняў удзел у нашай дабрачыннай акцыі! А лепшая падзяка – гэта ўсмешка выхаванцаў гэтага дзіцячага дома!!!
Ціханенка Н.Я.,
старшы выкладчык кафедры рамана-германскай філалогіі,
кіраўнік валанцёрскага атрада «НемАн»