Трэці год у пачатку лютага геолага-геаграфічны факультэт праводзіць маштабнае мерапрыемства – Геаграфічны чэмпіянат “Беларусь і Расія ў геаграфічнай карціне свету”. У гэтым годзе ў правілы інтэлектуальнага спаборніцтва з-за эпідэміялагічнага становішча былі ўнесены карэктывы, але гэта не перашкодзіла сабраць вялікую колькасць удзельнікаў. Арганізатары чэмпіянату: геолага-геаграфічны факультэт ГДУ імя Францыска Скарыны, Расійскі цэнтр навукі і культуры ў г. Гомелі і Гомельскі аддзел ГА “Беларускае геаграфічнае таварыства”.
Адборачны тур праходзіў у анлайн-фармаце. Удзельнікам было прапанавана за 30 хвілін адказаць на 40 пытанняў па ўсіх раздзелах геаграфіі, пераважна Беларусі і Расіі. Усяго ў першым туры заданні выконвалі больш за 160 навучэнцаў школ Беларусі. Кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі дэкан факультэта Гусеў А.П., загадчык кафедры геалогіі і геаграфіі Паўлоўскі А.І., старэйшыя выкладчыкі Сакалоў А.С. і Флярко Т.Р., адабралі знаўцаў геаграфіі, якія адказалі на максімальную колькасць пытанняў, для ўдзелу ў фінале.
Запрашэнне ў другі тур атрымалі 10 навучэнцаў з катэгорыі “Майстры” (10-11 класы) і 11 “Юніёр” (7-9 класы). Фінальнае спаборніцтва праходзіла ва ўтульнай атмасферы выставачнай залы Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. У кожнай узроставай катэгорыі з дапамогай пытанняў рознага ўзроўню вызначаны чэмпіён (дыплом I ступені) і пяць уладальнікаў дыпломаў II ступені. Астатнія фіналісты атрымалі дыпломы III ступені. Для ўсіх удзельнікаў фіналу Расійскім цэнтрам навукі і культуры ў Гомелі, Гомельскім аддзелам ГА “БГТ” і аддзелам моладзевых ініцыятываў і студэнцкага самакіравання ГДУ імя Ф. Скарыны падрыхтаваныя памятныя падарункі. Вядучы і адзін з аўтараў пытанняў фінальнага і адборачнага тураў – старшы выкладчык кафедры экалогіі Сакалоў А.С. Адказы на пытанні фіналу ацэньвала журы, у склад якога ўвайшлі: прадстаўнік Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Гомелі Ісаенка Алег Канстанцінавіч, загадчык кафедры геалогіі і геаграфіі Паўлоўскі Аляксандр Іларыёнавіч, намеснік дэкана геолага-геаграфічнага факультэта Прылуцкі Ігар Алегавіч і дацэнт кафедры геалогіі і геаграфіі Андрушко Святлана Уладзіміраўна. Для перамогі спатрэбіліся веды пра вядомых падарожнікаў, фізіка-геаграфічныя і эканоміка-геаграфічныя аб’екты, мінералы і інш. Чэмпіёнамі 2021 года сталі лепшыя з лепшых:
- Анціпенка Цімафей Юр’евіч, ДУА “СШ № 4 імя В. Маркелава г. Гомеля” (катэгорыя “Юніёры”);
- Рубанаў Усевалад Генадзевіч, ДУА “Гомельскі гарадскі ліцэй № 1” (катэгорыя “Майстры”).
Заданні Геаграфічнага чэмпіянату распрацоўвалі выкладчыкі геолага-геаграфічнага факультэта Сакалоў А.С., Гусеў А.П., Флярко Т.Р., Мележ Т.А.
Геаграфічны чэмпіянат стаў добрай традыцыяй геолага-геаграфічнага факультэта. Ён аб’яднаў аматараў геаграфіі з розных куткоў нашай краіны, дазволіў навучэнцам школ пазнаёміцца з універсітэтам і факультэтам.
Відэа фінальнага этапу можна паглядзець па спасылцы https://www.youtube.com/watch?v=ljLT4p2U6XY
Намеснік дэкана геолога-геаграфічнага факультэта
по інфарматызацыі Флярко Т.Р.