У памяць пра трагічныя падзеі 26 красавіка 1986 года

Submitted by ias on пан, 26/04/2021 - 09:33

Валанцёры атрада “Зялёны патруль” кафедры экалогіі геолага-геаграфічнага факультэта сумесна з абласным грамадскім аб’яднаннем “Асацыяцыя дзяцей і моладзі” (АСДЭМА) у памяць пра трагічныя падзеі, якія адбыліся 26 красавіка 1986 г. на Чарнобыльскай АЭС, прынялі ўдзел у пасадцы лесу ў Веткаўскім лясгасе.

Нягледзячы на суровыя ўмовы надвор’я, валанцёры высадзілі саджанцы хвоі і бярозы побач з вёскай Ваўчыная гара, пачуўшы просьбу дапамогі ад мясцовых жыхароў.

Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 8 лютага 2021 г. № 75 “Аб пераліку населеных пунктаў і аб’ектаў, якія знаходзяцца ў зонах радыёактыўнага забруджвання”, дадзеная тэрыторыя адносіцца да зоны пражывання з перыядычным радыяцыйным кантролем – тэрыторыя з шчыльнасцю забруджвання глебаў: цэзіем-137 ад 1 да 5 Кі/км2, альбо стронцыем-90 ад 0,15 да 0,5 Кі/км2, альбо плутоніем-238, 239, 240 ад 0,01 да 0,02 Кі/км2, дзе сярэднегадавая эфектыўная доза апраменьвання насельніцтва не павінна перавышаць 1 мілізіверт (мЗв) у год.

На радыёактыўна забруджаных землях, схільных воднай і ветравой эрозіі, якія неперспектыўныя для сельскагаспадарчай вытворчасці, перыядычна праводзяцца мерапрыемствы па вырошчванні лясоў (аблясення). Дадзеная мера спрыяе прадухіленні распаўсюджвання радыёнуклідаў на больш чыстыя тэрыторыі ў выніку эрозіі глеб.

Таму аднаўленне ляснога покрыва на тэрыторыях, якія падвергліся радыяцыйнаму забруджванню, – гэта самы каштоўны падарунак, які мы можам пакінуць нашым нашчадкам.

Фотасправаздача
Падраздзяленнi