«Каралева студэнцтва Беларусі-2021»

Submitted by ias on чцв, 03/06/2021 - 17:06

Ужо 3 чэрвеня адбудзецца рэспубліканскі этап конкурсу грацыі і таленту "Каралева студэнцтва Беларусі-2021». Гомельшчыну на прэстыжным конкурсе будзе прадстаўляць пераможца абласнога этапу спаборніцтва студэнтка ГДУ імя Ф. Скарыны Аляксандра Дрывайла. Пра перамогу, вучэбныя заняткі і штодзённае жыццё прызнанай прыгажуні ўніверсітэта чытайце ў інтэрв'ю.

- Аляксандра, раскажыце, калі ласка, крыху пра сябе.

- Мне 19 год. Я вучуся на 3 курсе філалагічнага факультэта, з'яўляюся намеснікам старшыні савета ўніверсітэта і членам савета інтэрната і ўніверсітэта, таксама прымаю ўдзел у валанцёрскай і грамадска-культурнай дзейнасці. Значную частку свайго жыцця прысвячаю мадэлінгу. Гэты занятак дапамог мне знайсці і раскрыць сябе. Выкладаючы мастацтва дэфіле, я спрабую перадаць усе свае навыкі вучням, ўкласці ў кожнага часцінку сябе. Я люблю сваю работу.

- Раскажыце, як праходзіць Ваш тыповы дзень.

- Апошнім часам кожны мой дзень праходзіць вельмі насычана. Падымаюся часцяком рана, прымаю душ, прыводжу сябе ў парадак, снедаю і іду на вучобу. Пасля заняткаў адпраўляюся на працу альбо рэпетыцыю. Вяртаючыся вечарам у інтэрнат, магу сабе дазволіць прагуляцца па вуліцы, паслухаць цікавую аўдыёкніжку або любімую музыку, пабыць сам-насам са сваімі думкамі, аналізую пражыты дзень, абдумваю планы на заўтра. Затым - вучоба, калі застаецца вольны час, то чытаю непраграмную літаратуру. У выхадныя ў асноўным працую і рыхтуюся да вучэбных заняткаў.

- Што падштурхнула Вас прыняць удзел у конкурсе?

- Гэта рашэнне было спантанным. Я ўвогуле не ведала пра тое, што ёсць такі конкурс, і тым больш, не планавала стаць яго ўдзельніцай. Мяне падштурхнулі мае родныя і блізкія, якія падтрымлівалі і верылі ў мяне.

- Што для Вас было самым складаным?

- Адназначна недахоп часу.

- Па-вашаму, якімі якасцямі павінен валодаць кожны ўдзельнік конкурсу?

- Харызматычнасцю, эрудыцыяй, дабрынёй, шчырасцю, пачуццём гумару.


- Што Вы адчувалі, калі выходзілі на сцэну?

- Я была шчаслівая. Шчаслівая, што знаходжуся на гэтай сцэне, што з'яўляюся ўдзельніцай дадзенага конкурсу. Хваляванне было толькі падчас конкурсу прамоўніцкага майстэрства, з-за стомы было цяжка сканцэнтравацца, засяродзіцца.

- Вашы пачуцці, калі даведаліся, што Вы перамаглі?

- Шчасцю не было мяжы. Шчыра? Не чакала. Ўсведамленне таго, што мной ганарыцца мая сям'я, родныя і блізкія людзі, мой калектыў, факультэт, універсітэт, мой горад, не можа не радаваць. Разуменне таго, што на мне ляжыць вялікая адказнасць - прадстаўляць Гомельскую вобласць на рэспубліканскім узроўні. Для мяне гэта вельмі важная місія, і я зраблю ўсё для таго, каб мая Гомельшчына мною ганарылася!

- І напрыканцы, што б Вы пажадалі нашым чытачам?

- Будзьце добрыя, сумленныя і шчырыя заўсёды і ва ўсім. Спрабуйце, рызыкуйце, не бойцеся памыліцца, любіце і верце ў сябе, займайцеся самаразвіццём і нічога не бойцеся!

Пажадаем Аляксандры поспеха і падтрымаем нашу ўдзельніцу, пакінуўшы свой голас па спасылках:

✔у апытанні у ВК https://vk.com/topic-31231101_47789395;

✔у інстаграм https://www.instagram.com/p/CPiQwopJetj/ пакідаем нумар 10 у каментарах да паста пра яе;

✔у telegram-канале https://t.me/brsmlive/1086.
 

Фотасправаздача