Штогод 2 красавіка адзначаецца Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. Менавіта ў гэты дзень у 1996 годзе прэзідэнты дзвюх дзяржаў падпісалі дамову «Аб утварэнні Супольнасці Расіі і Беларусі». Факт падпісання паклаў пачатак працэсу ўзаемнай інтэграцыі краін.
Роўна праз год, 2 красавіка 1997 года быў падпісаны Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі. Асноўнымі мэтамі стварэння Саюза было імкненне павысіць узровень жыцця народаў, умацаваць адносіны братэрства, дружбы і супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і іншых галінах, забяспечыць устойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё дзяржаў-удзельніц на аснове аб'яднання іх матэрыяльных і інтэлектуальных патэнцыялаў.
Наступным важным этапам у развіцці саюзных адносін дзвюх дзяржаў стала падпісанне 25 снежня 1998 года Дэкларацыі аб далейшым яднанні Беларусі і Расіі, Дагавора аб роўных правах грамадзян, Пагаднення аб стварэнні роўных умоў суб'ектам гаспадарання і Пратакола да яго. У гэтых дакументах прэзідэнты дзвюх краін цвёрда заявілі аб рашучасці прадоўжыць паэтапны рух да добраахвотнага аб'яднання ў Саюзную дзяржаву пры захаванні нацыянальнага суверэнітэту дзяржаў - удзельніц Саюза. Адначасова былі вызначаны асноўныя напрамкі інтэграцыйнай работы ў эканамічнай і сацыяльнай сферах.
8 снежня 1999 года быў падпісаны Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы і Праграма дзеянняў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі па рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.
За мінулы час саюзны праект даказаў сваю запатрабаванасць і жыццяздольнасць. Сфарміравана самавітая дагаворна-прававая база. Заключана больш за 150 пагадненняў, якія рэгулююць практычна ўсе ключавыя аспекты двухбаковага супрацоўніцтва.
У рамках Саюзнай дзяржавы створаны ўмовы для забеспячэння роўнасці правоў грамадзян, правядзення сумеснай абароннай палітыкі, узгодненага знешнепалітычнага ўзаемадзеяння, рэалізацыі маштабных эканамічных і навукова-тэхнічных працэсаў.
Паспяховы вопыт узаемадзеяння ў рамках Саюзнай дзяржавы садзейнічаў паглыбленню інтэграцыйных працэсаў на прасторы СНД - многія расійска-беларускія напрацоўкі былі выкарыстаны пры фарміраванні Мытнага саюза, Адзінай эканамічнай прасторы Расіі, Беларусі і Казахстана, а затым і Еўразійскага эканамічнага саюза, які пачаў сваю работу з 1 студзеня. 2015 года.
Святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню яднання народаў, праходзяць у многіх расійскіх і беларускіх гарадах.