На працягу трох дзён, з 28 да 30 студзеня, прайшоў Чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы ў закрытых памяшканнях на прызы газеты «Спартыўная панарама», прысвечаны 100-годдзю ўтварэння БССР. Ужо традыцыйна яго прымаў Магілёўскі спартыўны комплекс «Алімпіец».
На першым сур'ёзным старце цяперашняга сезону нашу вну прадставілі 12 студэнтаў факультэта фізічнай культуры, у актыве якіх шэсць медалёў!
Пераможцам спаборніцтваў стала Юлія Касцючкова (бег 400 м). На другой ступені п'едэстала гонару апынуліся Крысціна Канцавенка (скачкі з шастом), Юлія Касцючкова (бег 200 м), Дзяніс Блізьнюк (бег 60м), Юрый Забалотны (бег 200 м). Бронзавую ўзнагароду заваяваў Юрый Забалотны (бег 60 м).
У судзействе спаборніцтваў прынялі ўдзел выкладчыкі кафедры спартыўных дысцыплін: А.С. Геркусаў, В.А. Баравая і С.В. Лашкевіч.
Па выніках каманднага заліку кубак заваявалі атлеты Брэсцкай вобласці (298 ачкоў). На другой пазіцыі (280 ачкоў) каманда Магілёўскай вобласці і замкнулі тройку прызёраў прадстаўнікі Гродзенскай вобласці (258 ачкоў). Сезон-2019 гамяльчане адкрылі годна і апынуліся за крок ад п'едэстала - на IV месцы (238 ачкоў). За імі каманда Мінска (189 ачкоў), Мінскай вобласці (174 ачкі), а замкнула выніковую табліцу Віцебская вобласць (152 ачкі). Нагадаем, што у 2018 годзе лёгкаатлеты Гомельскай вобласці занялі 7 месца, набраўшы ўсяго 160 ачкоў.
Чэмпіянат Беларусі ў закрытых памяшканнях стаў адборачным да Чэмпіянату Еўропы, які пройдзе ў Глазга з 1 па 3 сакавіка і дазволіў у «баявых» умовах ацаніць стан і перспектывы вядучых беларускіх лёгкаатлетаў.
Варта адзначыць, што 11-12 лютага ў Гомелі пройдзе Чэмпіянат і першынства Рэспублікі Беларусь сярод юніёраў, а таксама юнакоў і дзяўчат (2002-2003 года нараджэння) па лёгкаатлетычных мнагабор'ях. Будзем балець за нашых!