Дэлегацыя з ГДУ прыняла ўдзел ва Усебеларускай студэнцкай лыжні

Submitted by Dmitry_Gorbachev on пан, 18/02/2019 - 11:14

У мінулыя выходныя адбылося фізкультурна-аздараўленчае свята "Усебеларуская студэнцкая лыжня - 2019". Месцам правядзення сёлета была абраная лыжаролерная траса "Вяснянка" ў Мінску.

У спартыўным свяце прынялі ўдзел больш за 500 студэнтаў з 51 ВНУ Беларусі, у масавых стартах — студэнты, выкладчыкі, супрацоўнікі і кіраўніцтва ўстаноў вышэйшай адукацыі. ГДУ імя Ф. Скарыны на студэнцкай лыжні прадстаўляў факультэт фізічнай культуры.

У рамках праграмы адбылася біятлонная эстафета 4 па 3,6 км з двума агнявымі рубяжамі. Другая эстафета - лыжная па 2,4 км. Удзел у ёй прынялі больш за 40 квартэтаў (2 дзяўчыны + 2 юнакі) з ВНУ Беларусі. Па традыцыі завяршылі спаборніцкую праграму мас-старты (1,2 км). Першы з іх сабраў студэнтаў, другі - выкладчыцка-прафесарскі склад, трэці - рэктарскi корпус, прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі Беларусі. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Мінадукацыі і Міністэрства спорту і турызму, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і Беларуская асацыяцыя студэнцкага спорту.

Свята завяршылася цырымоніяй ўзнагароджання пераможцаў. Акрамя таго, усе ўдзельнікі, якія дабраліся да фінішу, атрымалі памятныя ўзнагароды ад арганізатараў мерапрыемства.

Пры падрыхтоўцы артыкула выкарыстаны фотаматэрыялы
сайтаў sb.by i belta.by

Фотасправаздача