2 красавіка ў г. Гомелі адбылося ўрачыстае адкрыццё чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па боксе, па выніках якога будзе праведзены адбор у склад нацыянальнай каманды для ўдзелу ў баксёрскім турніры II Еўрапейскіх Гульняў - 2019.
У спаборніцтвах прынялі ўдзел 98 наймацнейшых спартсменаў з усіх рэгіёнаў нашай краіны, у тым ліку 26 баксан. Майстры скураной пальчаткі на працягу некалькіх дзён аспрэчвалі чэмпіёнскія званні ў дзевяці вагавых катэгорыях. Гомельскую вобласць на спаборніцтвах прадстаўляла каманда з 23 чалавек. Па выніках спаборніцтваў спартсменкі ГОЦОР заваявалі дзевяць медалёў, у тым ліку шэсць залатых.
6 красавіка адбылося ўзнагароджанне пераможцаў турніру, сярод якіх: чацвёртакурсніца факультэта фізічнай культуры Юлія Апанасовіч (54 кг), студэнткі завочнага факультэта Галіна Бруевіч (57 кг), Вікторыя Кебікава (75 кг), Анастасія Абушанкова (64 кг) і Антаніна Аксёнава (69 кг ), якая ўзнагароджана Кубкам, як лепшая спартсменка чэмпіянату РБ па боксе-эліта 2019.
Студэнткі завочнага факультэта Яна Бурым (51 кг) і Аліна Вэбер (69 кг) сталі ўладальніцамі сярэбраных узнагарод.
Пераможцам сярод мужчын стаў выпускнік нашай ВНУ Уладзіслаў Смяглiкаў (91 кг).
Нашы спартсмены, правёўшы захапляльныя паядынкі, прадэманстравалі выдатны бокс. Жадаем ім далейшых поспехаў!
Віншуем вядомага айчыннага спецыяліста ў сферы бокса Сяргея Уладзіміравіча Пьянова, выпускніка факультэта фізічнай культуры нашай ВНУ, які узнагароджаны Кубкам ў намінацыі «Лепшы трэнер чэмпіянату РБ па боксе-эліта 2019»!
Марына Кажадуб,
кіраўнік спартыўнага прэс-цэнтра