Вядомы гомельскі майстар Уладзімір Куклін ва ўрачыстай абстаноўцы падарыў рэктару Гомельскага дзяржуніверсітэта Сяргею Хахомаву карціну з выявай Францыска Скарыны, выкананую ў тэхніцы разьбы па дрэве. Сяргей Анатольевіч выказаў словы ўдзячнасці мастаку і адзначыў, што такі падарунак стане выдатным дадаткам да экспазіцыі ўніверсітэта.
Нагадаем, нядаўна на базе выставачнай залы ВНУ па благаславенні Праваслаўнай Царквы адбылася персанальная выстава Уладзіміра Кукліна “Тварэнне душы і рук”. Кіраўніцтва ГДУ адзначыла ўнікальны талент аўтара і падкрэсліла значнасць супрацоўніцтва ўніверсітэта з Гомельскай епархіяй, у тым ліку з дапамогай падобных экспазіцый. Уладзімір Куклін у сваю чаргу стварыў вобраз беларускага першадрукара Францыска Скарыны, чыё слаўнае імя носіць універсітэт.
– Эскіз, які я ўбачыў у галерэі вашага ўніверсітэта, адразу запаў мне ў душу. У падзяку за магчымасць прадставіць свае работы на выставе тут жа захацеў перанесці гэтую графічную работу на дрэва. Карціна выканана з ліпы у тэхніцы гарэльеф, – падкрэсліў аўтар.
Уладзімір Міхайлавіч Куклін на працягу ўсяго жыцця цікавіўся выяўленчай творчасцю. У апошнія гады мастак цікавіцца рэльефнай разьбой па дрэве, у тым ліку стварае і рэстаўруе абразы, на што атрымаў блаславенне ў архіепіскапа Гомельскага і Жлобінскага Стэфана.
Андрэй ВЯЛІКІ
Фота аўтара