ГДУ імя Францыска Скарыны - першая на Гомельшчыне ВНУ, у якой створаны Цэнтр падтрымкі тэхналогій і інавацый

Submitted by ias on чцв, 17/11/2022 - 16:48

Урачыстае падпісанне Пагаднення аб стварэнні Цэнтра падтрымкі тэхналогій і інавацый паміж Гомельскім універсітэтам і Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці адбылося сёння.

- Упэўнены, гэта дазволіць дабівацца яшчэ большых вынікаў у навуковай дзейнасці, у працы студэнцкіх навуковых лабараторый. Я сам аўтар і суаўтар васьмі патэнтаў і ведаю, наколькі гэта няпростая праца, - сказаў рэктар ГДУ Сяргей Хахомаў.

Важнасць падзеі адзначыў у выступленні і генеральны дырэктар Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Уладзімір Рабаволаў:

- Гэта дапаможа даследчыкам на пачатковым этапе выразна зарыентавацца ў навуковых пошуках, атрымаць доступ да дзясяткаў, а то і сотням мільёнаў патэнтавых інфармацыйных дакументаў з усяго свету і ў далейшым абараніць сваю інтэлектуальную ўласнасць.

Усяго ў краіне створана больш за 20 падобных цэнтраў, а тое, чаму выбар упаў менавіта на ГДУ імя Францыска Скарыны, Уладзімір Рабаволаў растлумачыў проста: «Гэта вядучая ВНУ Гомельшчыны і адна з самых прасунутых, развітых ВНУ Беларусі і Усходняй Еўропы».

Стварэнне сеткі ЦПТІ – міжнародны праект, ініцыяваны Сусветнай арганізацыяй інтэлектуальнай уласнасці ў 2009 годзе для садзейнічання нарошчванню інавацыйнага патэнцыялу краін і рэгіёнаў праз забеспячэнне інфармацыйнай і навукова-метадычнай падтрымкі карыстальнікам паслуг ЦПТІ ў сферы навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці. Дзейнасць Цэнтра накіравана на распаўсюджванне ведаў па пытаннях прававой аховы вынікаў інтэлектуальнай уласнасці і правядзення патэнтных даследаванняў.

Наталля ЛАПАЦІНА

Фотасправаздача