СПРАВЫ АСВЕТНІКА АКТУАЛЬНЫЯ І СЁННЯ

Submitted by kd on пят, 20/10/2017 - 13:13

Спадчына Францыска Скарыны стала прадметам абмеркавання для ўдзельнікаў VII Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Скарына і наш час», якая праходзіць ў ГДУ у рамках Рэспубліканскага форуму, прысвечанага 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.

Вядучыя навукоўцы адукацыйных цэнтраў Беларусі, Расіі, Украіны і Польшчы разглядаюць пытанні, звязаныя з жыццём і дзейнасцю беларускага першадрукара, роляй нацыянальнай мовы ў гісторыка-культурным працэсе, аналізуюць праблемы сучаснай дыялекталогіі, лінгвагеаграфіі і лексікаграфіі.

 Традыцыйна ў цэнтры ўвагі даследчыкаў і актуальныя сёння напрамкі анамастыкі, міжмоўных камунікацый і кантактаў, выкарыстанне беларускай мовы ў сродках масавай інфармацыі, публіцыстыцы, мастацкай літаратуры і фальклоры.

Міжнародная канферэнцыя «Скарына і наш час» рэгулярна праводзіцца ў ГДУ, пачынаючы з 1994 года. Асаблівасць сёлетняга навуковага пасяджэння ў тым, што яно праходзіць пад знакам 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і з’яўляецца часткай культуралагічнага праекта Рэспубліканскага форуму.

Гасці канферэнцыі мелі магчымасць наведаць усебеларускую экспазіцыю «Грані творчасці», музей-лабараторыю Францыска Скарыны і выставы рэдкіх кніг, прыняць удзел у тэматычных семінарах і пасяджэнні круглага стала, пазнаёміцца з эпохай сярэднявечча падчас працы інтэрактыўнай гістарычнай пляцоўкі.

Значэнне творчай спадчыны беларускага першадрукара і асветніка выходзіць далёка за межы нашай краіны, бо ён унёс значны ўклад у культуру многіх нацыянальнасцей. Маштабная сустрэча навукоўцаў і культуролагаў дапаможа брацкім народам знайсці новыя пункты сутыкнення ў даследаваннях і значна ўмацаваць міжкультурныя сувязі.

У арганізацыі VII Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Скарына і наш час» прынялі ўдзел супрацоўнікі Навукова-даследчага інстытута гісторыі і культуры ўсходнеславянскіх народаў пры ГДУ.

(Наш кар.)

Фотасправаздача