Як гэта было: гісторыя прысваення Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Францыска Скарыны

Опубликовано ias - чт, 29/11/2018 - 12:07

Як вядома, 21 чэрвеня 1930 г. СНК БССР і Эканамічная нарада пры ім прынялі сумесную пастанову аб стварэнні Гомельскага дзяржаўнага аграпедагагічнага інстытута (з 1933 г. педінстытута) з двума аддзяленнямі. 5 сакавіка 1930 года Савет Народных Камісараў БССР па хадайніцтве кіраўніцтва педінстытута прысвоіў гэтай ВНУ імя Героя Савецкага Саюза Валерыя Паўлавіча Чкалава.

У сувязі з пастаянным павелічэннем колькасці насельніцтва ў рэспубліцы ўзнікла неабходнасць стварэння другога класічнага ўніверсітэта. Простая логіка падказвала, што другі ўніверсітэт патрэбна стварыць у другім па велічыні і населенасці горадзе. Тады ім быў Гомель. З нуля пачынаць новую ВНУ было больш праблемна, таму ў якасці матэрыяльнай і вучэбна-метадычнай базы ўніверсітэта быў абраны Гомельскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя В.П. Чкалава. У адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў СССР № 5 ад 6 студзеня 1969 г. і сумеснай пастановай Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Беларусі і Савета Міністраў БССР № 93 ад 14 сакавіка 1969 г. на базе педінстытута быў створаны Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт. У абедзвюх пастановах імя В.П. Чкалава не фігуравала, нягледзячы на тое, што базавая ВНУ насіла гэтае імя. Пастановы якога-небудзь дзяржаўнага кіраўніцкага органа аб адмене імя Чкалава не было. У разрэз з элементарнай логікай ГДУ аказаўся без імя.

Гэты прэцэдэнт паўтарыўся з Н.К. Крупскай, імя якой насіў Мазырскі дзяржаўны педагагічны інстытут, А.М. Горкім, імя якога насіў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут, В.В. Куйбышавым, імя якога насіў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гспадаркі, і некаторымі іншымі знакамітымі савецкімі дзеячамі дахрушчоўскага перыяду. Але не паўтарыўся, напрыклад, з А.С. Пушкіным (у назве цяперашняга Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта і зараз ужываецца імя А.С. Пушкіна), Янкам Купалам (імя якога таксама аўтаматычна перайшло да Гродзенскага дзяржуніверсітэта) і інш.

Гомельскі дзяржуніверсітэт стаў першым у гісторыі Беларусі ўніверсітэтам, створаным на саюзным узроўні. У Рэспубліцы Беларусь, акрамя Гомельскага, існуе толькі адзін універсітэт такога статусу – Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы, таксама створаны (у 1978 г.) Пастановай Савета Міністраў СССР.

Без ганаровага імя ГДУ праіснаваў амаль 20 гадоў – да 29 лістапада 1988 г.

Для ўмацавання кадравага навуковага патэнцыялу новага ўніверсітэта пачалі прыязджаць кандыдаты і дактары навук не толькі з Мінску, але і з іншых буйных гарадоў Савецкага Саюза. У 1970 г. адразу пасля абароны дысертацыі і атрымання вучонай ступені доктара філалагічных навук з Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР прыехаў У.В. Анічэнка і ўзначаліў кафедру беларускай і рускай моў. Паступова ў кола навуковых інтарэсаў Уладзіміра Васільевіча трапіла і творчасць Францыска Скарыны. За 17 гадоў У.В. Анічэнка стаў вядомым скарынаведам.

Сведчаннем гэтаму зʻявілася тое, што на пасяджэнні вучонага савета ўніверсітэта 24 снежня 1987 г. кандыдатура У.В. Анічэнкі была аднагалосна вылучана на прысваенне яму Дзяржаўнай прэміі БССР [3]. Гэта можна лічыць першым мерапрыемствам ГДУ па падрыхтоўцы да будучага 500-гадовага юбілею Ф. Скарыны.

Упершыню на гісторыю прысваення ўніверсітэту імя Ф. Скарыны звярнуў увагу прарэктар па навуковай рабоце, доктар тэхнічных навук прафесар Дз.Р. Лін у сваім прывітальным слове ўдзельнікам ІІІ міжнароднай навуковай канферэнцыі “Скарына і наш час” 7 кастрычніка 2004 г. [1, 3-6].

Мы пастараемся асвятліць гэта пытанне больш падрабязна і дакладна. Для гэтага звернемся не толькі да названага выступлення, але і да архіўнай копіі справы № 47 “Матэрыялы да пратакола № 50 пасяджэння бюро Гомельскага абкама Кампартыі Беларусі № Б-50 ад 20 кастрычніка 1988 г.” па пункту 6 парадку дня пасяджэння бюро “Аб прысваенні Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Францыска Скарыны” [2].

У самым пачатку 1988 г. У.В. Анічэнка звярнуўся да рэктара ўніверсітэта, доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара, акадэміка АН БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР (з 1984 г.) Б.В. Бокуця з прапановай хадайнічаць перад дырэктыўнымі органамі Гомельскай вобласці аб прысваенні ГДУ імя Ф. Скарыны. Барыс Васільевіч падтрымаў гэту ідэю. 14 студзеня 1988 г. на імя першага сакратара Гомельскага абласнога камітэта Камуністычнай партыі Беларусі А.С. Камая адпраўлена пісьмо за подпісамі рэктара ўніверсітэта Б.В. Бокуця і сакратара партыйнага бюро ўніверсітэта цяперашняга дацэнта кафедры гісторыі Беларусі, кандыдата гістарычных навук дацэнта М.І. Старавойтава.

У пісьме, акрамя іншых аргументаў, адзначалася, што ўніверсітэт інтэнсіўна развіваецца і дабіўся вялікіх поспехаў у вучэбнай, выхаваўчай і навуковай галінах; коратка расказваецца аб кнігавыдавецкай і асветніцкай дзейнасці Ф. Скарыны, значэнні яго для беларускай і ўсходнеславянскіх культур; звяртаецца ўвага на актывізацыю падрыхтоўкі да 500-годдзя Ф. Скарыны (у 1990 г.), у тым ліку на працу гэтага кшталту ў ГДУ. Асобна характарызуецца значэнне двухтомнага “Слоўніка мовы Скарыны”, падрыхтаванага У.В. Анічэнкам. У заключэнне аўтары пішуць: “На падставе выкладзенага рэктарат, партыйны камітэт, грамадскія арганізацыі, увесь калектыў універсітэта хадайнічаюць аб прысваенні яму імя Францыска Скарыны ў гонар 500-годдзя з дня нараджэння выдатнага прадстаўніка беларускага народа”.

18 студзеня на пісьме зʻявілася рэзалюцыя А.С. Камая: "Бабыру С.П. (сакратару АК КПБ па ідэалагічных пытаннях. – Аўтар): Вывучыць пытанне і ўнесці яго на адабрэнне бюро абкама КПБ да 1 лютага 1988 г.”.

Мала што больш чым за тыдзень пытанне было вывучана і 27 студзеня загадчык аддзела навукі і вучэбных устаноў Гомельскага АК КПБ В. Корнеў ад імя аддзела навукі і навучальных устаноў напісаў і завізіраваў у сакратара па ідэалогіі запіску “Аб пісьме рэктара ГДУ Бокуця Б.В. і сакратара парткама Старавойтава М.І.”наступнага зместу: “… У ходзе вывучэння дадзенага пытання высветлілася, што сцвярджэнне рэктара і сакратара парткама аб поўнай падтрымцы гэтай прапановы з боку грамадскіх арганізацый, прафесарска-выкладчыцкага складу не адпавядае сапраўднасці. Гэта пытанне не абмяркоўвалася на пасяджэннях партыйнага камітэта, вучоным савеце, саветах факультэтаў, кафедрах. У гутарках з выкладчыкамі і кіраўнікамі структурных падраздзяленняў высветлілася, што адназначны пункт погляду па дадзеным пытанні адсутнічае. У прыватнасці, загадчыкі кафедр грамадскіх навук тт. Матусевіч В.В., Калмыкоў У.М., Бондараў В.Ф. заявілі, што яны і работнікі гэтых кафедр не згодны з меркаваннем рэктара і сакратара парткама і будуць адкрыта выступаць супраць прысваення ўніверсітэту імя Ф. Скарыны. Член-карэспандэнт Акадэміі педагагічных навук СССР т. Харламаў І.Ф., іншыя выкладчыкі паставілі пад сумненне неабходнасць прысваення вучэбнай установе гэтага ці іншага імя”.

Далей пералічваюцца кафедры і малая колькасць іх работнікаў ад агульнай колькасці супрацоўнікаў універсітэта: гісторыі СССР і БССР, рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства, беларускай літаратуры і беларускай мовы. Указваецца, што большасць студэнтаў не падрыхтавана да рашэння гэтага пытання і практычна нічога не ведаюць аб Скарыне, а сакратар камітэта камсамола таксама не знаёмы з прапановамі рэктара і сакратаратпарткама. Прыведзены і такі аргумент: ГДУ не зʻяўляецца ў рэспубліцы цэнтрам па вывучэнні Скарыніяны.

“Лічым, - пішуць далей аўтары запіскі, - што пытанне аб прысваенні ўніверсітэту імя Ф. Скарыны рэктарам і парткамам не падрыхтаваны і ў калектыве не наспела. Гэты пункт погляду падтрымлівае Цэнтральны райкам КПБ г. Гомеля”. Адпаведная рэзалюцыя райкама на запісцы датуецца толькі пачаткам красавіка 1988 г.

Не трэба сумнявацца, што копія гэтай запіскі была выслана і ў рэктарат ГДУ. Другі семестр 1987/1988 вучэбнага года і пачатак другога семестра 1988/1999 г. кіраўніцтва ўніверсітэта выкарыстала на ліквідацыю адзначаных арганізацыйных недахопаў і больш грунтоўную падрыхтоўку ўніверсітэта для дасягнення пастаўленай мэты.

Яшчэ 30 жніўня было праведзена пасяджэнне вучонага савета ўніверсітэта (у канцы пратакола гэта пасяджэнне вучонага савета названа пашыраным пасяджэннем. – Аўтар) [4].

Другім пунктам парадку дня стаяла пытанне “Аб мерапрыемствах Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта па падрыхтоўцы да святкавання 500-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны”. З дакладам выступіў загадчык кафедры беларускай мовы, доктар філалагічных навук прафесар У.В. Анічэнка. Ён азнаёміў прысутных з жыццём і творчасцю Ф. Скарыны, значэннем яго дзейнасці для развіцця беларускай і ўсходнеславянскай культуры; зачытаў план мерапрыемстваў ГДУ па падрыхтоўцы да святкавання 500-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны і падтрымаў іх ад імя Гомельскага абласнога аддзялення Савецкага фонду культуры як яго старшыня. У заключэнне адобрыў ініцыятыву рэспубліканскага аргкамітэта па падрыхтоўцы да Скарынавага юбілею аб прысваенні імя Ф. Скарыны адной з ВНУ БССР. Прапанаваў прысвоіць гэта імя Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту па наступных прычынах: 1. ГДУ зʻяўляецца рэспубліканскім навуковым цэнтрам па вывучэнні скарынаўскай спадчыны (што не адпавядала сапраўднасці: галоўным цэнтрам былі Інстытуты АН БССР: мовазнаўства імя Я. Коласа, літаратуры імя Я. Купалы, гісторыі, філасофіі. ГДУ быў і зʻяўляецца адным з такіх цэнтраў. – Аўтар). 2. У ГДУ прадугледжана адкрыццё медыцынскага факультэта (як вядома, адкрыцця не адбылося. – Аўтар). 3. Аб жыцці, дзейнасці і творчасці Скарыны будуць зроблены даклады на Х Міжнародным зʻездзе славістаў у Сафіі (на зʻезд па гэтым пытанні быў камандзіраваны толькі У.В. Анічэнка. – Аўтар).

План мерапрыемстваў складаўся з 11-ці пунктаў, 9-ты з якіх не быў выкананы – не створаны чэшска-беларускі слоўнік мовы Скарыны... Затое ўсе астатнія 10 ажыццявіліся: падрыхтаваны і выдадзены 17-я выпускі міжведамасных зборнікаў “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура” з раздзеламі пра Ф. Скарыну (1989 г.); апублікаваны ў чэшскім часопісе “Славія” артыкул У.В. Анічэнкі; апублікавана серыя артыкулаў пра Скарыну ў газетах “Гомельская праўда”, “Гомельскі ўніверсітэт”, адбыліся выступленні на гэту тэму па радыё і тэлебачанні; у 1990 г. праведзены ўніверсітэцкія рэспубліканскія навуковыя скарынаўскія чытанні; на філалагічным факультэце была зроблена выстаўка скарыназнаўчай літаратуры; у 1989 – першай палове 1990 г. выкладчыкамі ўніверсітэта прачытаны лекцыі сярод працоўных калектываў Гомеля па філалагічным, гістарычным, грамадска-палітычным, культурна-асветніцкім і медыка-біялагічным напрамках; у студэнцкіх групах праведзены гутаркі пра Скарыну; на філалагічным і гістарычным факультэтах былі напісаны курсавыя і дыпломныя работы; на гэтых жа факультэтах праведзена тыднёвая студэнцкая алімпіяда; у 1988 г. У.В. Анічэнка прыняў удзел у Х Міжнародным зʻездзе славістаў.

У спрэчках па дакладзе У.В. Анічэнкі на пасяджэнні вучонага савета 30 жніўня 1988 г. выступілі 4 чалавекі. Загадчык кафедры палітэканоміі, кандыдат эканамічных навук дацэнт В.Ф. Бондараў не толькі падтрымаў ідэю прысваення імя Ф. Скрыны ўніверсітэту, але і добра абгрунтаваў яе. Загадчык кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства, доктар філалагічных навук дацэнт П.У. Сцяцко таксама падтрымаў ідэю і па-свойму абгрунтаваў яе. Дэкан філалагічнага факультэта, кандыдат філалагічных навук дацэнт М.Ф. Гуліцкі пасля падтрымкі ідэі прывёў прыклады ўшанавання першадрукароў, асветнікаў і культурных дзеячаў у іншых краінах. Улічваючы еўрапейскі маштаб дзейнасці Ф. Скарыны, сказаў дэкан, прысваенне імя Скарыны ўніверсітэту ўздыме яго прэстыж у Еўропе. Апошнім выступіў рэктар Б.В. Бокуць. Ён таксама падтрымаў ідэю, высока ацаніў дзейнасць Ф. Скарыны, сказаў, што ва ўніверсітэце вядзецца навучанне па некалькіх скарынаўскіх спецыяльнасцях: педагогіцы, мове і літаратуры, гісторыі, біялогіі.

Пасля гэтых выступленняў вучоны савет пастанавіў: 1. Зацвердзіць мерапрыемствы па падрыхтоўцы і святкаванні 500-гадовага юбілею Ф. Скарыны. 2. Хадайнічаць перад дырэктыўнымі органамі аб прысваенні Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Ф. Скарыны. 3. Узнагародзіць Анічэнку У.В. грашовай прэміяй у суме 250 руб. “за значны ўклад у распрацоўку Скарыніяны і актыўную навуковую дзейнасць”.

У перыяд паміж 30 чэрвеня 1988 г. і пачаткам кастрычніка гэтага ж года да першай запіскі “Аб пісьме рэктара ГДУ Бокуця Б.В. і сакратара парткама Старавойтава М.І.” ад 27 студзеня 1988 г., гістарычнай запіскі (без даты) далучылася трэцяя – “Запіска аб прысваенні Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Францыска Скарыны” (таксама без даты). Ад імя аддзела навукі і вучэбных устаноў Гомельскага абласнога камітэта КПБ запіску напісаў і падпісаў яго новы загадчык, выпускнік нашага ўніверсітэта, будучы яго прарэктар па вучэбнай рабоце, кандыдат філалагічных навук дацэнт М.М. Воінаў. Падмацаваў яго подпіс усё той жа сакратар па ідэалогіі С.П. Бабыр.

У гэтай запіскі была моцная ідэалагічная і ўладная падтрымка.  ЦК КПБ прыняў пастанову “Аб падрыхтоўцы і святкаванні 500-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны” (у папярэдняй запіскі было толькі пастанова Акадэміі навук БССР, хоць і з такой жа назвай). Гэта акалічнасць абяцала запісцы прызнанне бюро АК КПБ.

Пасля кароткага ўступу аб значэнні дзейнасці Ф. Скарыны ў другім абзацы гаворыцца як раз аб пастанове ЦК КПБ і пункце аб прысваенні імя Ф. Скарыны адной з ВНУ рэспублікі. Дададзена, што “На агульным сходзе працоўнага калектыву Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта 30 жніўня 1988 г. было прынята рашэнне хадайнічаць перад дырэктыўнымі органамі аб прысваенні імя Ф. Скарыны гэтай вучэбнай установе”. Тут дапушчана значнае пераўвелічэнне: па-першае, не знодзены пратакол гэтага сходу, па-другое, у гэты час сабраць агульны сход працоўнага калектыву было немагчыма, таму што людзі былі ў водпуску, па-трэцяе у гэты дзень было праведзена пасяджэнне вучонага савета з аналагічным пунктам парадку дня [4], па-чацвёртае, два такія мерапрыемствы за адзін дзень правесці немагчыма.

Далей раскрываецца значэнне, заслугі і поспехі ўніверсітэта ў вучэбна-выхаваўчай і навуковай рабоце, вывучэнні жыцця і дзейнасці Ф. Скарыны. У якасці аднаго з аргументаў зноў выкарыстана мяркуемае адкрыццё ва ўніверсітэце медыцынскага факультэта. Заключныя два абзацы прывядзем цалкам: “Прысваенне імя Ф. Скарыны дазволіць Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту ўвайсці ў еўрапейскую супольнасць універсітэтаў.

Пытанне аб прысваенні Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Ф. Скарыны ўзгоднены з Цэнтральным камітэтам Кампартыі Беларусі. Гэту прапанову падтрымлівае Гомельскі гаркам Кампартыі Беларусі”.

Вынікам апошніх па часе намаганняў стала пастанова Савета Міністраў БССР №  349 ад 29 лістапада 1988 г. “Аб прысваенні імя Францыска Скарыны Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту”.

Заставалася толькі крыху больш чым два гады да ліквідацыі СССР як дзяржавы і значнай пераацэнкі каштоўнасцей. У 1988 г. БДУ яшчэ не мог адмовіцца ад імя У.І. Леніна, а ні ў Полацку (родным горадзе Ф. Скарыны), ні ў Наваполацку яшчэ не было ўніверсітэта. Таму па выпадковаму збегу акалічнасцей у нашага ўніверсітэта ў назве зʻявілася імя Ф. Скарыны – самага знакамітага і заслужанага беларуса з усіх беларусаў. Гэта ўжо другі фактар, які ставіць наш універсітэт на першае месца ў Рэспубліцы Беларусь.

Спіс першакрыніц інфармацыі

1. Лин, Д.Г. Приветствие участникам ІІІ международной конференции “Скорина и наше время” (Гісторыя прысваення імя Ф.Скарыны Гомельскаму дзяржуніверсітэту) / Д.Г. Лин // Скарына і наш час: Матэрыялы ІІІ міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гомель, 7 кастрычніка 2004 г.). – Гомель: УА «ГДУ імя Ф.Скарыны», 2004. – С. 3-6.

2. Матэрыялы да пратакола № 50 пасяджэння бюро Гомельскага абкама Кампартыі Беларусі ад 20 кастрычніка 1988 г.

3. Пратакол пасяджэння вучонага савета ўніверсітэта № 6 ад 24 снежня 1987 г.

4. Пратакол пасяджэння вучонага савета ўніверсітэта № 1 ад 30 жніўня 1988 г.

К.С. Усовіч, спецыяліст інфармацыйна-аналітычнага аддзела,

былы загадчык музея-лабараторыі Ф. Скарыны 

Фотоотчёт