Працягваюцца традыцыі “Традыцый..”

Опубликовано Dmitry_Gorbachev - пт, 18/05/2018 - 15:26

Вось і надышоў май, які ў гэтым годзе радуе незвычайнай цеплынёй, ужо летнім сонейкам і вясёлай зелянінай прыроды. А разам з гэтым прыйшоў час міжнародных сустрэч навукоўцаў, якія сферай сваіх даследаванняў абралі народную культуру, мовы , фальклор славян.

У маі гэтага года адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя “Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: праблема вывучэння і захавання ў постчарнобыльскі час”.

Пачатак работы навуковага форума быў абвешчаны 18 мая 2018 года ў 1 корпусе ГДУ імя Ф. Скарыны ў аўдыторыі 2-27, якая ўжо трывала пазначана ў свядомасці студэнтаў і выкладчыкаў ГДУ імя Ф. Скарыны Скарынаўскім кабінетам.

Арганізатарамі Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: праблема вывучэння і захавання ў постчарнобыльскі час” сталі: установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны”, Навукова-даследчы інстытут гісторыі і культуры ўсходнеславянскіх народаў пры ГДУ імя Ф.Скарыны, філалагічны факультэт і кафедра беларускай мовы ГДУ імя Ф. Скарыны.

Аб адкрыцці канферэнцыі ў прысутнасці ўдзельнікаў, гасцей, студэнтаў, выкладчыкаў, супрацоўнікаў нашай і многіх іншых вну Беларусі, Расіі і Украіны ўрачыста абвясціў прарэктар установы адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны” д.т.н., прафесар А.М. Дземідзенка. Алег Міхайлавіч пажадаў навкоўцам плённых творчых пошукаў і дасягненняў.

Загадчык кафедры беларускай мовы філалагічнага факультэта кандыдат філалагічных навук дацэнт Алена Мікалаеўна Воінава пазнаёміла шаноўную аўдыторыю з беларускімі і замежнымі ўдзельнікамі форуму.

Добры сябар кафедры беларускай мовы ГДУ імя Ф. Скарыны, пастаянны ўдзельнік канферэнцый, што ладзяцца на філалагічным факультэце к. філал. н., дацэнт, загадчык кафедры ўкраінскай і замежнай літаратуры Мелітопальскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Багдана Хмяльніцкага (Мелітопаль, Украіна) Шарова Таццяна Міхайлаўна, ад імя рэктарата вну, з якой наш універсітэт мае навуковыя кантакты ўжо працяглы час уручыла Падзякі рэктару ГДУ імя Ф. Скарыны С.А. Хахомаву і дацэнту кафедры беларускай мовы А.М. Ермаковай за актыўны ўдзел у навуковым супрацоўніцтве нашых вну.

Пленарнае пасяджэнне адкрыла кіраўнік Навукова-даследчага інстытута гісторыі і культуры ўсходнеславянскіх народаў пры ГДУ імя Ф. Скарыны доктар філалагічных навук прафесар кафедры Аляксандра Аляксандраўна Станкевіч. Аляксандра Аляксандраўна расказала аб ідэі і гісторыі правядзення канферэнцый, прысвечаных традыцыям матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся, аб асаблівасцях правядзення кожнага з папярэдніх навуковых мерапрыемстваў, а таксама аб дзейнасці і навуковых праектаў Навукова-даследчага інстытута гісторыі і культуры ўсходнеславянскіх народаў пры ГДУ імя Ф. Скарыны.

На пленарным пасяджэнні прагучалі даклады вядомых і аўтарытэтных навукоўцаў Беларусі і Украіны:

«Маладік маладой, ти на нєбє свєтой…»: Місяць у знаннях та віруваннях жителів Східного Полісся – Васяновіч Аляксандр Аляксандравіч, к. гіст. н., намеснік дырэктара па навуковай рабоце Дзяржаўнага навуковага цэнтру захавання культурнай спадчыны ад тэхнагенных катастроф (Кіеў, Украіна);

Фразеалагізмы з кампанентам каўнер – рэпрэзентанты касцюмна-рэчавага кода культуры беларусаў – Ляшчынская Вольга Аляксееўна, д. філал. н., прафесар, прафесар кафедры беларускай мовы ўстановы адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны”;

Гуманистические императивы творчества В. Быкова, О. Гончара и Г. Бёлля – Рамашчанка Людміла Іванаўна, д. філал. н., прафесар, прафесар кафедры ўкраінскай літаратуры і кампаратывістыкі Чаркаскага нацыянальнага ўніверсітэту імя Багдана Хмяльніцкага (Чаркасы, Украіна)

Метадалагічныя праблемы параўнальнага вывучэння ўсходнеславянскіх тэрмінаграфічных традыцый – Шчэрбiн Вячаслаў Канстанцінавіч, к. філал.н., вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі (Мінск, Беларусь);

Обрядовые действия с хлебной дежой в Чистый четверг на Полесье: география распространения – Кавальчук Надзея Анатольеўна, к. гістар. н.,  вучоны сакратар Дзяржаўнага навуковага цэнтру захавання культурнай спадчыны ад тэхнагенных катастроф (Кіеў, Украіна);

Вобраз вадзяніка ў міфалагічнай прозе Гомельска-Бранскага памежжа: этналінгвістычны аналіз – Станкевіч Аляксандра Аляксандраўна, д. філал. н., прафесар, прафесар кафедры беларускай мовы ўстановы адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны” (Гомель, Беларусь);

Доступна освіта для філологів: масові відкриті онлайн курси –Шарова Таццяна Міхайлаўна, к. філал. н., дацэнт, загадчык кафедры ўкраінскай і замежнай літаратуры Мелітопальскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Багдана Хмяльніцкага (Мелітопаль, Украіна).

Усе даклады адрозніваліся актуальнасцю і навізной агучаных высноў даследаванняў навукоўцаў і атрымалі заслужаную павышаную ўвагу прысутных на пленарным пасяджэнні гасцей і ўдзельнікаў канферэнцыі, выкладчыкаў і студэнтаў ГДУ імя Ф. Скарыны, цікаўных славянскімі народнымі традыцыямі, культурнымі сувязямі славянскіх народаў, фальклорам і мовамі славян.

Пасля перапынку работу канферэнцыі працягнулі навуковыя секцыі:

“Гісторыя і культура Усходняга Палесся: народныя звычаі і абрады”;

“Вусная народна-паэтычная творчасць”;

“Мова фальклору”;

“Актуальныя праблемы лінгвістыкі”;

“Актуальныя праблемы літаратуразнаўства”.

У секцыйных пасяджэннях, акрамя ўдзельнікаў канферэнцыі, прадстаўнікоў розных вну Украіны і Расіі, прынялі ўдзел многія выкладчыкі нашай вну. На круглых сталах секцый розныя пакаленні мовазнаўцаў, фалькларыстаў, літаратуразнаўцаў дзяліліся вынікамі ўласных навуковых даследаванняў, прысвечаных мовам, літаратурам, фальклору і народным традыцыям славянскіх народаў. Асаблівую радасць арганізатараў мерапрыемства выклікаў актыўны ўдзел у ім маладых даследчыкаў – аспірантаў, магістрантаў і студэнтаў не толькі нашай вну, але і іншых вну краіны і замежжа.

Усе нашы госці былі ўражаны высокім навуковым узроўнем падрыхтаванага мерапрыемства, надзённай тэматыкай навуковых паведамленняў удзельнікаў, якасцю арганізацыі і правядзення падобных форумаў у нашай вну. А замацавала пазітыўны настрой ад візіту ў наш горад экскурсія ўдзельнікаў канферэнцыі ў Гомельскі палацава-паркавы ансамбль. Гомельскі парк – адзін з найпрыгажэйшых пейзажных паркаў не толькі нашай краіны, але і ўсёй Усходняй Еўропы, размешчаны на ўзгоркавым беразе ракі Сож і рова з ручаём Гомій. Палацава-паркавы комплекс у Гомелі з’яўляецца адной з галоўных славутасцяў і сапраўднай жамчужынай беларускай зямлі. У палацы Румянцавых і Паскевічаў, які з’яўляецца кампазіцыйным цэнтрам Гомельскага палацава-паркавага ансамбля размяшчаецца некалькі атракцыйных экспазіцый, сярод якіх: гісторыка-мемарыяльная, у вежы палаца, прысвечаная былым уладальнікам палаца Румянцавым і Паскевічам; у цэнтральнай частцы палаца на 1-м паверсе – Калонная зала, Чырвоная гасцёўня, Зала ўрачыстых прыёмаў; на 2-м паверсе: «Найстаражытнейшая гісторыя Гомельшчыны» — археалагічная экспазіцыя; рэканструкцыя жылога інтэр’еру кон. XIX-пач.XX стст.

Праведзеная навуковая канферэнцыя яшчэ раз паказала неабходнасць падобных сустрэч навукоўцаў з розных краін, падчас якіх яны могуць абмяняцца вынікамі даследаванняў, абмеркаваць будучыя навуковыя праекты, атрымаць асалоду ад навукі. І таму спадзяемся, што традыцыі “Традыцый…” будуць працягвацца і надалей…

Фотоотчёт