Стажыроўка ў Купалаўскім універсітэце

Опубликовано ias - ср, 26/10/2022 - 12:36

З 17 па 21 кастрычніка дэкан філалагічнага факультэта А.М. Палуян і намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце дацэнт кафедры рускай і сусветнай літаратуры А.А. Кастрыца прайшлі стажыроўку ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы па праграме “Развіццё прафесійных кампетэнцый; абнаўленне і паглыбленне ведаў у псіхолага-педагагічнай і навукова-прафесійнай галінах”.

Праграма стажыроўкі ўключала знаёмства з сучаснымі тэхналогіямі арганізацыі вучэбна-метадычнага і выхаваўчага працэсу на філалагічным факультэце ГрДУ імя Янкі Купалы; кансультацыі са спецыялістамі ўніверсітэта ў галіне мовазнаўства і літаратуразнаўства; вывучэнне праграмнага зместу і практыкі правядзення заняткаў па дысцыплінах філалагічнага профілю; работу ў бібліятэчных фондах універсітэта з мэтай знаёмства з найноўшымі вучэбна-метадычнымі распрацоўкамі ў галіне мовазнаўства і лінгвадыдактыкі; аглядны метадычны аналіз зместу і структуры вучэбных дапаможнікаў і матэрыялаў ў практыцы выкладання філалагічных дысцыплін.

Падчас стажыроўкі адбыліся сустрэчы з кіраўніцтвам філалагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы – дэканам Ганчар С.В, намеснікамі дэкана Ясюкевіч А.М., Кавальчук С.І. і Мардэчка С.С., загадчыкам кафедры беларускай філалогіі Садоўскай А.С. і калектывам кафедры. Мы прынялі ўдзел у пасяджанні кафедры беларускай філалогіі, падчас якога абмяркоўваліся такія надзённыя пытанні, як прафарыентацыйная работа, арганізацыя і правядзенне ўнутрыўніверсітэцкіх алімпіяд, распрацоўка тэстаў для бягучай і выніковай атэстацыі. Цікавай у прафесійным плане была інфармацыя аб правядзенні выніковай атэстацыі з выкарыстаннем тэсціравання і выканання практыка-арыентаваных заданняў.

Загадчык вучэбна-метадычнага кабінета лінгвістычных камп’ютарных тэхналогій Сняжко А.В. падрабязна расказала пра работу кабінета, падрыхтоўку і выкарыстанне ў адукацыйным працэсе лічбавых электронна-метадычных комплексаў.

Падчас сустрэчы з загадчыкам кафедры журналістыкі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Мінчук І.І. былі абмеркаваны пытанні будучага супрацоўніцтва ў падрыхтоўцы журналістаў, акадэмічнай мабільнасці выкладчыкаў і студэнтаў. Таксама мы наведалі “Студэнцкі медыяцэнтр”, які мае статус вучэбна-навукова-вытворчага аб’яднання. У структуру медыяцэнтра ўваходзяць вучэбныя радыёстудыя і тэлестудыя (мантажная і павільён для здымак), вучэбна-метадычны кабінет перыядычнага друку і фотажурналістыкі, пляцоўкі для дыялогу і дыскусій.

Загадчык навуковай бібліятэкі ГрДУ імя Янкі Купалы Грынько М.У. правёў для нас змястоўную экскурсію, у час якой мы мелі магчымасць пазнаёміцца з рэдкімі і ўнікальнымі выданнямі, якія захоўваюцца ў фондах бібліятэкі.

Фотоотчёт