Наша першае знаёмства з некаторымі важнымі аб’ектамі alma mater адбылося перад вучэбнымі заняткамі 19 верасня ў час экскурсіі, арганізаванай для першакурснікаў намеснікам дэкана па выхаваўчай рабоце факультэта замежных моў Р.У.Серыкавым. Надвор’е спрыяла, было пагодна і сонечна, што дадало ўсім добрага настрою.
Першым пунктам прызначэння стала галоўная чытальная зала ГДУ імя Ф.Скарыны ў 4-м корпусе. Пра асаблівасці работы чытальнай залы №1 нам распавяла адказная за залу Алена Мікалаеўна Цыбульская. Першае, што ўразіла многіх з нас – прыемныя, утульныя ўмовы працы і адпачынку, арганізаваныя для студэнтаў. Па словах Алены Мікалаеўны, неўзабаве тут плануецца адкрыць дадатковы фонд кніг, каб кожны аматар друкаванага слова мог прыйсці сюды і ўзяць патрэбную кнігу, пасядзець над ёй у роздуме за кубачкам духмянай кавы, падрыхтаваць матэрыял для дакладу або курсавой работы. Дарэчы, каву ці гарбату ў час працы з кнігамі можна тут пакаштаваць абсалютна бясплатна, можна таксама пакарыстацца Wi-Fi, які тут ёсць у вольным доступе.
У распараджэнні студэнтаў тут – мультымедыйная сістэма, таму ёсць магчымасць правядзення невялікіх пасяджэнняў з дэманстрацыяй прэзентацый (зала змяшчае прыблізна каля 30-ці чалавек). За асобную невялікую плату тут можна адсканаваць кнігі, зрабіць копіі старонак.
Наступным прыпынкам экскурсіі стала агульная выставачная зала з праектам пра гісторыю Беларусі і Гомельскай вобласці, які быў арганізаваны з нагоды Дня Народнага адзінства Беларусі. Пра тэматычную экспазіцыю нам з захапленнем распавяла Людміла Уладзіміраўна Дуброўская. Дзякуючы таму, што азнаямленчая экскурсія была праведзена ў фармаце нязмушанай гутаркі, калі кожны мог задаць любое пытанне, першакурснікам было цікава слухаць і абмяркоўваць з Людмілай Уладзіміраўнай падзеі мінулых гадоў, якія хаця і былі цяжкімі і страшнымі для краіны і людзей, але згуртавалі іх у барацьбе з ворагам за свабоду сваёй радзімы. Фотаздымкі тых часоў, пракаментаваныя спецыялістам, прымусілі па-іншаму ўгледзецца ў гісторыю радзімы, сэрцам адчуць той боль і надзею, якімі жылі тады людзі.
Наступным прыпынкам для нас стаў мемарыяльны комплекс ля парку, нападалёк ад касцёла, прысвечаны загінуўшым ў часы Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 г.г. Цікавыя звесткі пачулі мы пра алею герояў ад студэнткі 4-га курса гістарычнага факультэта Анастасіі Шарамецьевай. Дзяўчына пранікнёна расказала нам пра дзейнасць гомельскага падполля, паказала брацкую магілу 135-ці воінаў-вызваліцеляў, 44 імёны якіх пазначаны на плітах манумента, што быў узведзены ў 1952-м годзе. Алея ж герояў Савецкага Саюза была адкрыта параўнальна нядаўна: у 2014 годзе. Пэўнай нечаканасцю з’явілася для нас тое, што многія загінуўшыя героі той вайны з’яўляліся студэнтамі нашага ўніверсітэта, а некаторыя з тых, хто выжыў, сталі пасля вайны нават выкладчыкамі.
У студэнцкай сталоўцы, што па вул. Песіна, нас сустрэла яе загадчыца Ірына Барысаўна Дварэцкая, якая распавяла многа цікавага. Аказалася, што для нашых студэнтаў, якія навучаюцца на дзённай форме, прадугледжана зніжка 10% на любы абед. Меню даволі разнастайнае: свежыя салаты, гародніна, першыя блюды, разнастайнае печыва і напіткі, ды ўсё ў памяркоўных цэнах. Мы даведаліся, што пры ўніверсітэце ёсць кандытарскі цэх, пірожныя з якога ідуць адразу ў буфеты розных карпусоў і інтэрнатаў. Можна нават замовіць торт ці пірожныя на любое свята: дзень нараджэння, Новы год або іншую нагоду, і ўсё абавязкова будзе прыгожа, свежа і незвычайна смачна.
Далей эстафету экскурсаводаў падхапіла і лагічна завяршыла намеснік дэкана па фізічнай культуры Ірына Аляксандраўна Назаранка, якая паказала нам абсталяваныя спартыўныя залы і накіравала потым на заняткі, кожную групу студэнтаў да свайго выкладчыка…
Вікторыя Васількова, студэнтка групы А-12