Пагодныя красавіцкія дні – найбольш зручны перыяд для экскурсій і рознага роду падарожжаў. Студэнты, што прыехалі да нас па праграме акадэміцкага абмену з Казані, Гжэлі і Саранска, таксама рыхтуюцца зведаць некаторыя нашыя маляўнічыя мясціны і годныя ўвагі забыткі, але ўжо там-сям паспелі пабываць і самастойна.
У аўторак, 09.04.2024 г., дэканат замежных моў зладзіў для іх незабыўную экскурсію ў музей грошай, якую з захапленем, па-веснавому звонка і вельмі ярка правяла для іх старшы выкладчык кафедры фінансаў і крэдыту Кацярына Віктараўна Яраш. У выставачнай зале гасцей пераняла Людміла Уладзіміраўна Дуброўская, якая распавяла пра несамавітыя экспанаты выставы “Зазірні прыродзе ў вочы”, што ўжо традыцыйна ладзіцца 17-ы год запар. Марат Асылгараеў пакінуў пасля эмацыянальнага выступлення Людмілы Уладзіміраўны падзяку ў кнізе наведвальнікаў на татарскай і рускай мовах.
Дапытлівыя госці пабывалі і ў чытальнай зале 4-га корпуса, дзе адразу сабраліся дружнай грамадкай каля паліц з літаратурай на беларускай мове, аптымістычна заявіўшы, што разумеюць прыкладна 70% з усяго напісанага па-беларуску. Алена Мікалаеўна Цыбульская ветліва запрасіла студэнтаў наведваць чытальную залу з 9.00 штодня, бо тут на іх заўсёды чакае бясплатны кубачак духмянай гарбаткі і ўтульная кніжная атмасфера. Як аказалася, Ларыса Пятрова, што прыехала з Казані, у першыя дні побыту ў Гомелі паспела нават запісацца ў абласную бібліятэку і ў першую чаргу наведала там аддзел літаратуры на замежных мовах.
Акрыленыя новымі ўражаннямі і маленькімі адкрыццямі для сябе, студэнты з задавалеьненнем пабеглі на заняткі ў свае групы.
Намеснік дэкана
па выхаваўчай рабоце
Р.У. Серыкаў