Іван Фёдаравіч Штэйнер – вядомы вучоны, таленавіты пісьменнік, мудры настаўнік, аўтарытэтны кіраўнік. Яго тытанічная праца ў галіне літартуразнаўства здзіўляе нават самага стараннага і руплівага чалавека.
Кафедра беларускай літаратуры ў ГДУ імя Ф. Скарыны – адна з самых моцных у рэспубліцы. Іван Штэйнер на пасадзе загадчыка кафедры – 35 год! Яго творчы запал і энергія натхняюць кожнага супрацоўніка. Ён прыклад адданасці сваёй працы. А самае галоўнае, што для Івана Фёдаравіча заўсёды важнымі з’яўляюцца вынікі. Іван Штэйнер – лідар па падрыхтоўцы вучоных-літаратуразнаўцаў, які выхаваў ужо 13 кандыдатаў і 1 доктара навук.
Даследаванні, якія праводзяцца супрацоўнікамі кафедры беларускай літаратуры пад кіраўніцтвам Івана Фёдаравіча, ахопліваюць гісторыю і тэорыю літаратуры, рэгіянальныя асаблівасці, міжкультурныя камунікацыі. Гомельская літаратуразнаўчая школа актыўна прадстаўлена на старонках рэспубліканскіх перыядычных выданняў і замежных навуковых часопісаў. Добра ведаюць гомельскіх вучоных-філолагаў і як актыўных удзельнікаў кангрэсаў, з’ездаў, канферэнцый. Прафесар з’яўляецца таксама заснавальнікам навуковай школы “Рэгіянальны, агульнанацыянальны і агульначалавечы ўзроўні ў літаратуры: духоўная спадчына беларусаў у сусветным кантэксце”, у межах якой праводзіцца Міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная светлай памяці народнага пісьменніка Беларусі І.Я. Навуменкі, выходзіць перыядычны зборнік навуковых работ “Спадчына І.Навуменкі і актуальныя праблемы літаратуразнаўства”.
Будучы актыўным чалавекам, Іван Фёдаравіч заўсёды смела глядзіць у будучыню, заклікае сваіх вучняў і калег не баяцца быць унікальнымі, выбітнымі, неардынарнымі, рабіць усё інакш, не так, як папярднікі ці суайчыннікі, нараджаць новыя формы – як у літаратуры, навуцы, так і ў паўсядзённымі жыцці. Навуковыя і мастацкія работы Івана Штэйнера, ці Івана Прылуцкага (псеўданім узяты са старажытнага шляхецкага роду Прылуцкіх, з якога паходзіць Прафесар) адлюстроўваюць унікальны светапогляд аднаго з самых значных вучоных нашага часу.
Віншуем Івана Фёдаравіча Штэйнера з юбілеем! Жадаем прафесару моцнага здароўя, шчасця, натхнення, плёну і здзяйснення мар!
З найлепшымі і шчырымі пажаданнямі,
калектыў кафедры беларускай літаратуры