6 кастрычніка студэнты філалагічнага і біялагічнага факультэтаў нашага ўніверсітэта прынялі ўдзел у прэзентацыі фотальбома “Гомельшчына культурная”, якая адбылася ў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы. Альбом выпушчаны КУП “Рэдакцыя газеты “Гомельская праўда” і складаецца з дзвюх частак – “Абрады” і “Фестывалі”.
Выданне мае шыкоўныя ілюстрацыі. На трох мовах – беларускай, рускай і англійскай – распавядаецца пра фестывальны рух, абрадавыя і песеннныя традыцыі Гомельскай вобласці, шэраг якіх маюць статус аб’ектаў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь і прызнаны на міжнародным узроўні. Гэта Юраўскі карагод (в. Пагост Жыткавіцкага раёна), Провады Русалкі (аг. Вялік Бор Хойніцкага раёна), Чырачка (аг. Тонеж Лельчыцкага раёна), Ваджэнне Сулы (в. Гадзічава і Маркавічы Гомельскага раёна), песенны стыль Тураўскага міжрэчча і в. Казлы Ельскага раёна і многія інш.
Другая частка выдання знаёміць чытачоў з міжнароднымі і рэспубліканскімі фестывалямі і конкурсамі: “Сожскі карагод”, “Рэнесанс гітары”, “Славянскія тэатральныя сустрэчы”, “Мой сябра – баян”, “Музыка надзеі”, “Зямля пад белымі крыламі”, “Кліч Палесся”, “Берагіня”, “Аўцюкі”, “Зоры над Дняпром”, “Свята беларускага рушніка” і многія інш.
Цікавая праграма прэзентацыі нікога не пакінула абыякавымі. А ў якасці падарунка мы атрымалі экземпляр фотаальбома “Гомельшчына культурная”.
А.Палуян, дэкан філалагічнага факультэта