Правесці зіму і сустрэць вясну запрасілі гасцей у залу Гомельскай спецыялізаванай славянскай бібліятэкі на тэатралізаванае свята “Масленіца” студэнты-першакурснікі філалагічнага, гістарычнага факультэтаў і факультэта фізічнай культуры ГДУ імя Ф.Скарыны.
Не толькі моладзі ўніверсітэта, сярод якой былі таксама кітайскія і туркменскія студэнты, але і жыхарам г.Гомеля, актыўным чытачам славянскай бібліятэкі, было цікава пазнаёміцца з асноўнымі абрадавымі момантамі Масленіцы – аднаго з самых старажытных славянскіх святаў.
Выдатна справіліся з ролямі вядучых Ганна Андрушчанка, Аляксандра Дрывайла, Вікторыя Напрэенка, Лідзія Дубіна і Вераніка Дземідовіч, якія расказалі аб тым, якую назву меў кожны дзень масленічнага тыдня, як нашы продкі іх адзначалі. Першы дзень Масленкі – “Сустрэча”, другі –“Зайгрышы”, падчас якога дзяўчаты і хлопцы каталіся на санках, выглядалі сабе жаніхоў і нявест. Серада – “Лакамка”: цешчы пяклі бліны і чакалі да сябе ў госці зяцёў, каб іх пачаставаць.Чацвер называўся “Днем Святога Уласа”. Лічылася, што ў гэты дзень павінен першы раз праспяваць жаваранак.”Цешчыны вячоркі” былі ў пятніцу: зяці запрашалі цешчаў у госці на бліны. У суботу –“Залоўкіны пасядзелкі”: нявестка збірала да сябе ў госці ўсю мужаву радню. Апошні дзень Масленіцы ў народзе называўся “Прабачальная бяседа”. У гэты вечар усе родныя прасілі адзін у аднаго прабачэння. Кульмінацыйнай дзеяй было спальванне саламянага чучала--сімвала зімы, каб даць дарогу вясне.
Сцэнарый свята, падрыхтаваны студэнтамі пад кіраўніцтвам доктара філалагічных навук, прафесара В.С.Новак, арганічна дапаўнялі гледачы, якіх вядучыя ўключалі ў дзеянне гульнямі, жартамі і загадкамі. Стаць у карагод гульні “Падушачка”, у “Паву “ гуляць – дзевак цалаваць”, паўдзельнічаць у спаборніцтвах, хто хутчэй з”есць па сем бліноў, выказалі жаданне студэнты з Туркменіі і Кітая, для якіх беларускія традыцыі і стравы -- сапраўдная экзотыка. Зала падтрымлівала іх гарачымі апладысментамі, а узнагародай за актыўнасць сталі салодкія прызы.
Трапны гумар, добрая, зладжаная гульня студэнтаў-акцёраў Станіслава Сільчанкі, Уладзіслава Бяздольнага, Цімафея Міхаленкі, Марыі Кочкінай, Таццяны Чэкан, Эдуарда Дарашэвіча, Руслана Прахарэнкі, Ганны Якавенка надавалі святу дынаміку і сапраўдную весялосць. Зала поўнілася прыгожымі, звонкімі галасамі Ангеліны Цапалавай, Катрын Ніцыеўскай, Дар”і Матлаховай, Ангеліны Шчарбатай, якія пад акампанемент баяніста Мікалая Гатальскага спявалі абрадавыя песні і жартоўныя прыпеўкі.
Госці свята ўпэўніліся ў тым, якія здатныя на розныя выдумкі і штукарствы былі нашы продкі. Чаго толькі варты звычай “цяганне калодкі” маладым хлопцам і дзяўчынай, як пакаранне за тое, што не ажаніўся і не выйшла замуж да Мясаеда, і каб не насіць гэты цяжар, яны павінны былі адкупіцца грашыма ці пачастункамі.
Гледачы шчыра дзякавалі студэнтам за далучэнне да беларускіх фальклорных традыцый, за тое, што разам весяліліся, гулялі, бліны каштавалі і вясну прывіталі.
Тамара ДУБЯК.
Фота Святланы ДЭЙ-РАЧЫНСКАЙ