Дзмітрый Дзмітрыевіч Паўлавец нарадзіўся 20 сакавіка 1950 года на Піншчыне, у прыгожым і маляўнічым куточку беларускага Палесся, у шматдзетнай сям’і. Пасля заканчэння сярэдняй школы служыў у арміі.
У 1971 годзе стаў студэнтам гісторыка-філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1976 года настаўнічаў, выкладаў родную мову і літаратуру ў Церахоўскай сярэдняй школе. У 1979 годзе паступіў у аспірантуру пры кафедры беларускай мовы нашай навучальнай установы. Навуковым кіраўніком яго дысертацыі быў доктар філалагічных навук, прафесар У.В. Анічэнка. Пад яго кіраўніцтвам Дзмітрый Дзмітрыевіч абараніў кандыдацкую дысертацыю “Асноўныя тэндэнцыі развіцця і ўзаемадзеяння беларускай і кніжнаславянскай моў у ХVІ cт. (на матэрыяле граматык Л. Зізанія, М. Сматрыцкага, І. Ужэвіча)”. Працаваў асістэнтам, дацэнтам кафедры беларускай мовы, загадчыкам кафедры беларускай культуры. Зараз працуе дацэнтам кафедры давузаўскай падрыхтоўкі і прафарыентацыі. Падрыхтаваў двух кандыдатаў філалагічных навук.
Дзмітрый Дзмітрыевіч адзначае: “Дзякуючы Уладзіміру Васільевічу Анічэнку я захапіўся гісторыяй беларускай мовы. Яна стала галоўным прадметам маіх даследаванняў. Вывучэнне гісторыі роднай мовы для мяне – гэта даследаванне гісторыі духоўнай культуры, гісторыі народа, а не толькі вывучэнне станаўлення літаратурна-пісьмовых норм”.
Чытачам “Роднага слова” добра вядомы яго публікацыі пра моўную спадчыну Ф. Скарыны, пра граматыкі М. Сматрыцкага, І. Ужэвіча, пра ролю Б. Тарашкевіча і Я. Лёсіка, С. Некрашэвіча і В. Ластоўскага, І. Насовіча і А. Ельскага ў развіцці роднай мовы, пра першы беларускі буквар і інш. Акрамя гэтага, Дз.Дз. Паўлавец займаецца вывучэннем тапанімікі, праблемамі нацыянальнай навуковай тэрміналогіі, даследуе мову беларускіх пісьменнікаў. Ён з’яўляўся навуковым кансультантам і аўтарам чатырох артыкулаў энцыклапедыі “Беларуская мова” (1994г.), суаўтарам першага “Русско-белорусского словаря спортивных терминов” (1995г.), складальнікам бібліяграфічнага выдання “Прафесар Уладзімір Васільевіч Анічэнка” (1999г.), біяграфічнага даведніка “Наш радавод: Ураджэнцы Гомельшчыны – дзеячы мастацкай культуры” (2002г.), “Фальклорнага слоўніка Гомельшчыны” (2003г.), адказным сакратаром і аўтарам уступнага артыкула кнігі “Университет профессорский”.
Няхай Ваша праца, шаноўны Дзмітрый Дзмітрыевіч, прыносіць Вам толькі радасць, а сэрцы студэнтаў, як заўсёды, будуць адкрытымі для Вас! Мы віншуем Вас з юбілеем і жадаем многа шчасця, моцнага здароўя, плёну ў працы, творчых поспехаў, усяго самага светлага і добрага.