Галоўнае — ставіць у жыцці дакладныя мэты і цвёрдым крокам ісці да іх дасягнення! Так лічыць Алена Сажына, дэкан факультэта замежных моў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Алена Уладзіміраўна ўпэўнена, што якасць падрыхтоўкі выкладчыкаў замежных моў у рэгіянальнай установе ні на кроплю не ўступае сталічнай. Пра спецыяльнасці факультэта замежных моў, партнёрскія сувязі і студэнцкія памкненні — чытайце далей.
— Алена Уладзіміраўна, якія спецыяльнасці прадстаўлены на факультэце замежных моў ГДУ імя Францыска Скарыны?
— На дзённай форме навучання вядзецца выкладанне па дзвюх спецыяльнасцях І ступені вышэйшай адукацыі: замежныя мовы (англійская, нямецкая; англійская, французская) і замежныя мовы (нямецкая, англійская). Завочна студэнты могуць вывучыць англійскую мову па пяцігадовай і чатырохгадовай, скарочанай, праграме. У межах вучэбнага плана арганізавана выкладанне трэцяй замежнай мовы — іспанскай або італьянскай (па выбары студэнта). Хачу таксама адзначыць, што паралельна можна вывучаць кітайскую мову ў Інстытуце Канфуцыя, які паспяхова функцыянуе пры ГДУ. Адкрыта магістратура па спецыяльнасці “Тэарэтычная і прыкладная лінгвістыка”.
— На ваш погляд, якія юнакі і дзяўчаты становяцца студэнтамі факультэта замежных моў?
— Нашы студэнты — гэта нашы дыяменты, кожнаму з якіх мы спрабуем надаць індывідуальную агранку. Выкладчыкі працуюць як сапраўдныя ювеліры. І ў сукупнасці гэтыя дыяменты ўяўляюць сабой шыкоўнае калье, што вылучае іх сярод усіх студэнтаў. Без прыхарошвання магу сказаць, што прыгажосць, розум, мэтанакіраванасць, творчыя таленты (спевы, маляванне, танцы і г.д.), прыстойнасць, ветлівасць, пунктуальнасць, арганізаванасць, камунікабельнасць — гэта і ёсць галоўныя складнікі вобраза нашага студэнта або студэнткі.
— Якія перспектывы адкрываюцца перад выпускнікамі?
— Выбіраючы факультэт замежных моў, абітурыенты часам нават не падазраюць, наколькі шырокі спектр перспектыў адкрываецца перад імі. Спецыяльнасць, якая пазначана ў іх дыпломе, — выкладчык. Нашы зорачкі становяцца не толькі выдатнымі педагогамі ва ўніверсітэтах, каледжах, ліцэях, школах, але і ўзначальваюць установы адукацыі. Прычым не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі — у Канадзе, Ірландыі, ЗША, Расіі. Перад нашымі выпускнікамі адчыняюцца дзверы ў ІТ-індустрыю, бізнес-адміністраванне, перакладчыцкую дзейнасць. Яны паспяхова працуюць у кампаніях EPAM Systems, ІВА-Гомель, “Анталоджык”, Vizor Games, у Беларускай гандлёва-прамысловай палаце, Нацыянальнай авіякампаніі “Белавія”, банках і міжнародных аддзелах, замежных кампаніях Katherein Solutions GmbH (Германія), ProMedia (ЗША) і г.д.
— Сёння вышэйшую адукацыю немагчыма ўявіць без сучасных камунікацыйных тэхналогій…
— У нас ёсць сучасныя камп’ютарныя класы, лінгафонныя кабінеты, фона- і відэатэкі па замежных мовах. Навучанне ажыццяўляецца ў рамках асобаснага камунікатыўна-арыентаванага падыходу. Шырока выкарыстоўваюцца праектная методыка, навучанне ў супрацоўніцтве, праблемныя заданні і г.д. Штогод нашы выкладчыкі праходзяць павышэнне кваліфікацыі. Яны рэгулярна ўдзельнічаюць у міжнародных адукацыйных праграмах, якія арганізоўваюцца сумесна з Германскай службай акадэмічных абменаў (DAAD), брытанскай некамерцыйнай інтэрнэт-супольнасцю Gallery Teachers, беларускай супольнасцю Teaching English in Belarus, пры падтрымцы школ Atlantics (Ірландыя), KKLC (Вялікабрытанія), а таксама IBA Institute (Мінск).
— У вывучэнні замежнай мовы вялікае значэнне мае практыка вуснага маўлення. Як арганізаваны гэты бок навучання?
— За ўвесь курс навучання практыцы вуснай і пісьмовай мовы адводзіцца больш за тысячу гадзін. Не варта забываць і пра важнасць такіх прадметаў, як практычная фанетыка, практычная граматыка, аўдзіраванне, аналіз пісьмовага тэксту, асновы пісьмовай прамовы, без якіх немагчыма ўявіць падрыхтоўку спецыяліста высокай кваліфікацыі. Дакладна магу сказаць, што студэнты цалкам паглыбляюцца ў моўнае асяроддзе.
Не менш важнай лічу магчымасць рэгулярных зносін з носьбітамі мовы, якія чытаюць лекцыі і праводзяць семінары. Традыцыйна праходзяць заняткі з прадстаўнікамі Германскай службы акадэмічных абменаў (DAAD), прафесарамі з Універсітэта імя Сэма Х’юстана (ЗША). Галоўнае — памятаць, што мовай, як і музыкай, трэба займацца пастаянна і ўдасканальвацца, не спыняючыся ні на секунду. Лянота? Гэта не пра нас!
Святаслаў АКСЁНЧЫКАЎ-БІРУКОЎ, магістрант:
“З дзяцінства мяне цікавілі культуры розных народаў, а асабліва прыцягвалі замежныя мовы, бо культуру іншага народа, яго душу лепш за ўсё можна зразумець менавіта праз мову. Цікавасць падаграваў мой бацька, які вандруе па свеце і расказвае пра іншыя краіны, іх звычаі, паказвае фотаздымкі адтуль. Так у мяне з’явілася жаданне падарожнічаць, і я вырашыў паглыблена вывучаць англійскую і французскую мовы на факультэце замежных моў ГДУ імя Францыска Скарыны. А калі даведаўся, што ў нашым універсітэце праводзяцца курсы кітайскай мовы, тут жа запісаўся і туды! Як можна было прапусціць такі шанс — дакрануцца да культуры Паднябеснай! Пазней, на Рэспубліканскай алімпіядзе па кітайскай мове, у нашай гомельскай камандзе я пазнаёміўся з Ангелінай, маёй будучай жонкай-філолагам. З таго часу мы пастаянна дапамагаем адно аднаму развівацца ў выкладчыцкай і навуковай дзейнасці”.
— Веданне замежнай мовы сцірае межы паміж краінамі і адкрывае перад чалавекам увесь свет. Раскажыце, калі ласка, аб праграмах міжнароднага акадэмічнага абмену.
— Сапраўды, перад нашымі студэнтамі адкрыты ўвесь свет. Актыўнае супрацоўніцтва з універсітэтамі-партнёрамі замежжа дазволіла ў апошнія гады актывізаваць праграмы акадэмічнага абмену. Нашы студэнты могуць праходзіць кароткатэрміновыя (1—2 тыдні) і семестравыя стажыроўкі ва Універсітэце імя Сэма Х’юстана (ЗША), Універсітэце Вальядаліда (Іспанія), Універсітэце Новага Саду (Сербія), Маскоўскім дзяржаўным абласным універсітэце, Маскоўскім гарадскім педагагічным універсітэце, Ленінградскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя А.С.Пушкіна, Еўразійскім нацыянальным універсітэце імя І.М.Гумілёва (Казахстан), Школе імя Георга фон Лангена (Германія). Дасягнута дамоўленасць з кіраўніцтвам Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта аб арганізацыі дыстанцыйнага курса па замежных мовах, які будуць выкладаць прафесары і дацэнты абодвух універсітэтаў. Па выніках праходжання курса студэнты атрымаюць сертыфікаты.
— На ваш погляд, ці абавязкова ехаць па вышэйшую адукацыю ў сталіцу? Чым можа прывабіць абітурыентаў рэгіянальны ўніверсітэт?
— Адказваючы на гэтае пытанне, магу прывесці асабісты прыклад. У 1995 годзе пасля заканчэння школы ў мяне быў выбар і 100-працэнтныя шансы паступіць як у Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, так і ў ГДУ імя Францыска Скарыны. У мяне былі доўгія пакуты выбару. Ключавымі ў прыняцці рашэння сталі словы майго хроснага бацькі, якія я памятаю дагэтуль і якія з гадамі не страцілі сваёй актуальнасці: “Не важна, сталічная гэта ўстанова ці рэгіянальная, галоўнае — каб была галава на плячах і ты стала высокакваліфікаваным спецыялістам, навучылася не толькі прымяняць, але і ўдасканальваць свае веды, незалежна ад таго, дзе ты потым апынешся”. На карысць майго рашэння таксама быў, на першы погляд, банальны, але значны бок пытання — побытавы. Калі ты дома, то і сцены дапамагаюць. А калі ў гэтых сценах пануе спакой і ўтульнасць, смачна пахне катлетамі, баршчом і пірагамі, прыгатаванымі мамай, у цябе застаецца шмат часу на вучобу з магчымасцю самаразвіцця і самарэалізацыі. Тым больш што зараз, з развіццём тэлекамунікацыйных тэхналогій, межы сціраюцца: седзячы ў Гомелі перад камп’ютарам, вы можаце працаваць на любую кампанію, фірму ці ўстанову ва ўсім свеце.
Анісія СЕЎДАЛЕВА, студэнтка:
“Вучоба на факультэце разнастайная і цікавая, з многімі выкладчыкамі ў нас склаліся вельмі добрыя адносіны. Мне таксама запомнілася стажыроўка ва Універсітэце горада Вальядалід у Іспаніі. Наогул, студэнцкі абмен — вельмі прыемны і ўнікальны вопыт, які можна набыць у ГДУ. Вальядалід багаты на гістарычныя каштоўнасці, музеі, паркі. Кожны дзень я ішла на заняткі з думкай, што пазнаю нешта новае, што пазней змагу выкарыстаць у сваёй прафесійнай дзейнасці. Навучанне ў Еўропе арыентавана на групавую работу і практыку, таму сумна не было нават на лекцыях. Амаль усе заняткі па маёй спецыяльнасці праходзілі на англійскай мове, за выключэннем прадметаў, звязаных непасрэдна з вывучэннем іспанскай мовы. І гэта яшчэ адзін прыемны аспект доўгачасовага знаходжання ў іншай краіне — магчымасць вывучэння адразу некалькіх моў”.
Кажучы пра перавагі навучання менавіта ў рэгіянальным універсітэце, хачу дадаць, што невялікая колькасць студэнтаў на курсе дазваляе індывідуалізаваць працэс навучання, прыцягнуць моладзь у розныя адукацыйныя праграмы ўніверсітэцкага, рэгіянальнага і міжнароднага ўзроўняў. Для нас кожны студэнт — асоба, з якой працуюць прафесіяналы і прапануюць розныя напрамкі дадатковага развіцця здольнасцей і асабістых якасцей. Наш студэнт ніколі не губляецца ў натоўпе, я ведаю кожнага і імкнуся прапанаваць найбольш прымальныя варыянты для яго ўдасканалення.
Немалаважным лічу таксама высокі попыт на выпускнікоў нашага факультэта не толькі ў Гомельскай вобласці, але і за яе межамі. Гэта пацвярджаецца шматлікімі заяўкамі не толькі з навучальных устаноў, але і з ІТ-кампаній, прыватнага бізнесу, прадпрыемстваў, якім патрабуюцца перакладчыкі.
— Алена Уладзіміраўна, што асабіста для вас значыць факультэт замежных моў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта?
— Для мяне факультэт замежных моў — больш, чым проста праца. Гэта неад’емная частка майго жыцця і маёй душы. Менавіта ўкладваючы душу ў развіццё роднага факультэта, я адчуваю гордасць, радасць. Сапраўднае шчасце назіраць, як развіваецца дзецішча, якое зарадзілася ў нетрах філалагічнага факультэта ў далёкім 1993 годзе і стала самастойным у 1998 годзе. Захаваць і прымножыць — вось мой дэвіз.
Увесь факультэт — студэнты і выкладчыкі — адзіная сям’я, і калі ў сям’і паразуменне, утульнасць і спакой — гэта вельмі прыемна. І я трывала стаю на варце сямейнага шчасця.
Гутарыла Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара і Уладзіміра ЧЫСЦІКА.