Моўныя скарбы краіны

Опубликовано ias - ср, 10/02/2021 - 15:51

10 лютага на філалагічным факультэце ГДУ імя Ф. Скарыны адбылася сустрэча студэнтаў 1 і 2 курсаў спецыяльнасці «Беларуская філалогія» з Вадзімам Шклярыкам, старшым навуковым супрацоўнікам аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі, кандыдатам філалагічных навук, і прэзентацыя фільма «Гаворкі Беларусі».

Вадзім Аляксандравіч распавёў, што ідэя стварэння такога фільма ўзнікла падчас працы над сумесным праектам кампаній Onliner і A1 пад назвай «Мова: як гаворыць краіна» (ліпень – снежань 2019 года, https://sp.onliner.by/exponliner/), калі стала зразумела, што далёка не ўвесь зняты відэаматэрыял будзе ўключаны ў адпаведныя ролікі. У адрозненне ад апошніх, у фільме «Гаворкі Беларусі» вялікая частка хронаметражу адведзена рэплікам і маналогам інфармантаў-старажылаў, з акцэнтам не толькі на лексічныя, але таксама на фанетычныя і граматычныя асаблівасці мясцовых гаворак. Гэта дазволіла больш поўна і наглядна адлюстраваць тэрытарыяльныя адметнасці беларускай мовы.

Дыялектных запісаў у аўдыя- і нават відэафармаце сёння існуе нямала, але без адпаведнага навуковага каментарыя гэта проста набор файлаў. Лагічна структураваны аўтарамі фільма матэрыял, даступная падача і зразумелыя прыклады выклікалі цікавасць і захапленне гледачоў – студэнтаў-філолагаў і выкладчыкаў.

Фільм стане выдатным дапаможным матэрыялам для выкладчыкаў па курсе «Беларуская дыялекталогія» ва ўстановах вышэйшай адукацыі, а таксама для студэнтаў-філолагаў, якія ў сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй ў 2020 годзе не мелі магчымасці выязджаць у дыялекталагічныя экспедыцыі.

 

Алена Палуян, дэкан філалагічнага факультэта