Вядома, што большасць беларускіх вучоных атрымліваюць навуковую ступень доктара навук ва ўзросце каля 50 гадоў. І толькі каля 8% дактароў навук абараняюць дысертацыі да 40 гадоў. Адзін з такіх таленавітых людзей — дацэнт кафедры радыёфізікі і электронікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны супрацоўнік Міжнароднай Кітайска-Беларускай лабараторыі па вакуумна-плазменных тэхналогіях Максім Ярмоленка. Летась ва ўзросце 40 гадоў ён абараніў доктарскую дысертацыю па кампазіцыйных пакрыццях. Мы сустрэліся з маладым доктарам навук, каб даведацца пра яго шлях у навуцы.
— Максім Анатольевіч, што паўплывала на ваша рашэнне звязаць жыццё з навукай?
— Відаць, так было наканавана лёсам (усміхаецца)… Я скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту. Ужо ў той час тэма маёй дыпломнай работы была звязана з нанясеннем пакрыццяў на гумавыя ўшчыльняльнікі. Вядома, што пры рабоце ў масле, бензіне, паліве яны хутка разбураюцца. На гуматэхнічныя вырабы я наносіў пакрыцці на аснове поліўрэтану і фтарапласту, павышаючы рэсурс іх работы. Дыпломнымі кіраўнікамі былі доктар тэхнічных навук прафесар Алег Халадзілаў і член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар хімічных навук, прафесар Аляксандр Рагачоў.
Пасля размеркавання застаўся на кафедры, якой загадваў Аляксандр Уладзіміравіч. Працягваў даследаванні ў навуковай лабараторыі. У нас да таго часу ўжо з’явіліся машыны трэння, і мы маглі назіраць, як у працэсе трэння станчаецца гума і зношваецца пакрыццё. Адказваючы на ваша пытанне, магу сказаць, што ў навуку прыйшоў дзякуючы Аляксандру Уладзіміравічу Рагачову. Ён адкрыў для мяне гэты дзіўны, таямнічы шлях.
— Якая тэма цікавіла вас у аспірантуры?
— Мы працягвалі даследаваць гуму, наносілі на яе кампазіцыйныя пакрыцці на аснове поліўрэтану, фтарапласту. Задача была параўнаць гэты спосаб з іншымі. Абараніў кандыдацкую дысертацыю, у якой разглядаў працэс, калі наносіцца пакрыццё і запальваецца тлеючы разрад. Разрад гарыць — пакрыццё зашываецца. Памятаю, як вывучалі перадавы замежны вопыт, чыталі англамоўныя часопісы, пісалі артыкулы ў Маскву, знаёміліся з расійскімі вучонымі.
Калі мой навуковы кіраўнік Аляксандр Рагачоў быў прызначаны рэктарам Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, ён прапанаваў працягнуць работу ў лабараторыі ГДУ. Тут мы працавалі разам з Аляксандрам Рагачовым-малодшым, з якім вучыліся ва ўніверсітэце. Сёння гэта доктар тэхнічных навук, прафесар, дырэктар Інстытута хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі. Спачатку збіралі першае абсталяванне, здзяйснялі аўтаматызацыю, потым прыступілі да практычных даследаванняў. Летам 2012 года на базе ГДУ сумесна з Нанкінскім універсітэтам навукі і тэхналогіі была створана Міжнародная Кітайска-Беларуская лабараторыя па вакуумна-плазменных тэхналогіях. Аналагічная лабараторыя з’явілася і ў кітайскім універсітэце.
— Супрацоўніцтва з кітайскімі партнёрамі дазволіла праводзіць навуковыя даследаванні на іншым узроўні. Якія аспекты цікавілі замежных даследчыкаў?
— Мы пачалі ездзіць у Кітай, дзе ствараліся ўсе неабходныя ўмовы для правядзення даследаванняў. Нашы партнёры набывалі высокатэхналагічнае абсталяванне, а мы павінны былі друкаваць артыкулы ў навуковых часопісах з імпакт-фактарам.
Адным з кірункаў нашай работы было нанясенне антыбактэрыяльных пластоў. Мы наносілі палімернае пакрыццё, у склад якога ўводзілі антысептыкі, напрыклад, антысептык для апрацоўкі рук. Спрабавалі стварыць палімерныя пласты з наначасціцамі серабра, медзі і нават золата. І ў нас атрымалася! У гэтым напрамку мы таксама працавалі з вучонымі Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і некаторымі медыцынскімі цэнтрамі. Потым кітайцы паставілі перад намі задачу стварыць пакрыцці для імплантаў, якія б добра зрасталіся з касцявой тканкай.
— І якое рашэнне вы прапанавалі?
— Пакрыццё на аснове гідраксіапатыту. Літаральна да ўвядзення каранціну мы распрацавалі тэхналогію… Справа ў тым, што гідраксіапатыт наносяць пераважна плазменнымі метадамі. Але плазменная гарэлка з-за высокай тэмпературы яго карабаціць. Мы вывучылі работы амерыканскіх ваенных урачоў, якія ў 60-я гады працавалі з біяшклом, і прапанавалі рашэнне. У Кітаі ў лабараторыі мы даказалі, што ў біялагічным асяроддзі нашы пакрыцці трансфармуюцца ў касцявую тканку. Таксама мы паказалі магчымасць увядзення ў касцявую тканку злучэнняў, якія паляпшаюць яе рост. За адзін год напісалі два артыкулы па гэтай тэматыцы. Зараз у Кітаі дасягненне актыўна ўкараняецца, там убачылі перспектыву, закупілі абсталяванне і працуюць ужо самастойна.
— Максім Анатольевіч, у распрацоўцы якіх пакрыццяў вы яшчэ прымаеце ўдзел? Для чаго яны прызначаны?
— Сумесна з расійскімі калегамі ствараем пакрыццё з супергідрафобнымі ўласцівасцямі. Гэта так званы эфект лотаса, калі кроплі вады сцякаюць з паверхні. У прыродзе шмат праяўленняў супергідрафобных уласцівасцей. Напрыклад, крылы матылька не прамакаюць, лісты капусты… Мы ўжо на працягу года абменьваемся вопытам работы ў гэтым напрамку.
— Якую практычную карысць маюць пакрыцці на аснове цэлюлозы?
— Вы ведаеце, што існуюць апёкавыя раны. Ідэя заключаецца ў тым, каб наносіць плёнкі, якія б не прыціскаліся да пашкоджанай паверхні. Складанасць у тым, што цэлюлоза біяраскладальная, раствараецца ў вадзе. А ў нас атрымалася нанесці яе электронным праменем, хаця гэтая тэхналогія лічылася немагчымай. Мы змаглі стварыць плёнку, якая не раствараецца ў вадзе і здольна сарбіраваць яе, як гідрагель.
— У вас за плячыма вялізны вопыт практычных даследаванняў. Аднак абараніць доктарскую дысертацыю, тым больш у такім маладым узросце, — справа нялёгкая. У чым заключаецца навізна работы?
— І зноў хачу падкрэсліць, што мне пашанцавала працаваць са знакамітымі вучонымі. Навуковым кіраўніком маёй доктарскай дысертацыі быў доктар хімічных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі Аляксандр Рагачоў. І наогул абарона доктарскай дысертацыі стала магчымай дзякуючы паспяховай рабоце ўсяго калектыву лабараторыі: кандыдатаў тэхнічных навук Аляксандра Рудзянкова, Дзмітрыя Піліпцова, Аляксандра Ягорава. Сэнс доктарскай быў паказаць магчымасць нанясення пакрыццяў з зададзенай структурай, якую мы рэгулявалі яшчэ на стадыі нанясення. У дысертацыі таксама паказана, як адбываецца нанясенне крэмнійарганічных злучэнняў для абароны паверхняў ад кіслот, шчолачаў.
— Для вырашэння якіх практычных задач рэкамендаваны распрацаваныя высокатэхналагічныя метады?
— Сфера іх прымянення вельмі шырокая. Напрыклад, мы паказалі, як надаць гуматэхнічным ушчыльняльнікам антыфрыкцыйныя якасці і павысіць іх стойкасць да ўздзеяння масла і паліва. Распрацаваныя метады падыходзяць для фарміравання актыўных элементаў кварцавых газавых сэнсараў, надання вырабам медыцынскага прызначэння пралангіраваных антыбактэрыяльных якасцей. Распрацаваныя склады антыбактэрыяльных пакрыццяў рэкамендаваны Міністэрствам аховы здароўя Беларусі для нанясення на шрубы, пласціны і фіксатары інтрамедулярныя, якія вырабляюцца на ААТ “Медбіятэх”. Нанясенне пакрыццяў дазваляе знізіць рызыку ўзнікнення імплантат-асацыіраваных інфекцыйных ускладненняў.
— Поспехаў вам, Максім Анатольевіч, у далейшай працы на ніве беларускай навукі!
Гутарыла Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота Уладзіміра ЧЫСЦІКА.