На базе факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій Гомельскага дзяржуніверсітэта прайшоў ХХII абласны адкрыты конкурс навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў “ТэхнаІнтэлект”. У гэтым годзе ён упершыню праведзены ў новым фармаце: канкурсанты прэзентавалі свае праекты анлайн.
Для ўдзелу ў “ТэхнаІнтэлекце” было зарэгістравана 85 удзельнікаў з устаноў адукацыі 18 раёнаў Гомельскай вобласці і абласнога цэнтра.
– Асноўнай мэтай, якую мы ставім перад сабой пры арганізацыі конкурсу, з’яўляецца развіццё зацікаўленасці вучняў да навуковай і даследчай працы па напрамках тэхнічнай творчасці і выяўленне найбольш здольных і адораных дзяцей у гэтай галіне, – адзначае намеснік дэкана факультэта фізікі і ІТ Андрэй Самафалаў. – Немалаважным аспектам дзейнасці можна назваць прыцягненне навуковых работнікаў, выкладчыкаў і студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў да аказання дапамогі ўстановам адукацыі вобласці ў арганізацыі работы па асноўных напрамках навукова-тэхнічнай творчасці.
Навукова-практычная канферэнцыя праходзіла ў сямі секцыях, а ў склад некалькіх брыгад журы ўвайшлі выкладчыкі і студэнты ГДУ.
Пераможцамі конкурсу сталі:
- секцыя “Тэхнічнае мадэліраванне” – Аўдзейчык Ягор (ДУА “ГАЦТТДіМ”);
- секцыя “Тэхнічнае канструяванне” – Тарасенка Давід (ДУА “ГАЦТТДіМ”);
- секцыя “Радыёэлектроніка, электратэхніка і энергетыка” – Махаў Мікіта (ДУА “ГАЦТТДіМ”);
- секцыя “Мультымедыйныя тэхналогіі” – Цалавальнікава Ілона (ДУА “Сярэдняя школа №7 г. Калінкавічы”);
- секцыя “Навуковыя даследаванні і эксперымент, астраномія” – Марыновіч Данііл (ДУА “Сярэдняя школа №44 імя М.А. Лебедзева г. Гомеля”);
- секцыя “Інфарматыка і праграмаванне, вылічальная тэхніка” – Сенін Ян (ДУА «Сярэдняя школа №10 г. Жлобіна»);
- секцыя “Робататэхніка, аўтаматыка і інтэлектуальныя сістэмы” – Топалеў Вадзім (ДУА “Жлобінскі раённы цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі”).
Пасля падвядзення вынікаў конкурсу намеснік дэкана Андрэй Самафалаў расказаў маладым людзям пра факультэт, правёў віртуальную экскурсію па ўнікальных лабараторыях, а таксама абмеркаваў шматлікія перспектывы, якія адкрываюцца перад тымі абітурыентамі, якія выбралі Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны сваёй альма-матар.