26 лютага на факультэце замежных моў адбылася першая анлайн-сустрэча ў рамках падрыхтоўкі праходжання студэнтамі 3-га курса азнаямленчай школьнай практыкі з выкарыстаннем ІКТ у навучальнай установе Германіі GEORG-VON-LANGEN-SCHULE (г. Хольцміндэн).
На сустрэчы прысутнічалі выкладчыкі кафедры рамана-германскай філалогіі, студэнты факультэта і нямецкія партнёры – адказныя за беларуска-германскі праект, якія займаюць у школе кіруючыя пазіцыі, – Міхаэль Шындэвольф, Франк Хішэр і Аня Бэкман, а таксама каардынатар праектаў гэтай установы ў Беларусі Л.В. Ярохіна.
Праект рэалізуецца ў адпаведнасці з дамоўленасцю, заключанай яшчэ ў лістападзе 2019 года паміж факультэтам замежных моў і нямецкай установай адукацыі, але яго выкананне было прыпынена з-за абмежаванняў, уведзеных Германіяй у сувязі з пандэміяй. Некаторы час таму бакі прынялі рашэнне не чакаць лепшых часоў, а актывізаваць кантакты ў існуючых сёння ўмовах. На анлайн-сустрэчы 26 лютага былі агавораны прынцыповыя пытанні, неабходныя для праходжання школьнай практыкі нашымі студэнтамі ва ўстанове GEORG-VON-LANGEN-SCHULE у Хольцміндэне. Дасягнута разуменне таго, што правядзенне нашымі практыкантамі заняткаў анлайн з выкарыстаннем ІКТ тэхнічна магчыма, і цяпер трэба вызначыцца з тэрмінамі і падрыхтаваць канкрэтную праграму, у адпаведнасці з якой студэнты стануць выканаўцамі такога незвычайнага і новага для іх праекта. Прынцыповым з’яўляецца тое, што будзе магчыма не толькі прысутнічаць на занятках, якія праводзяцца нямецкімі выкладчыкамі. Мяркуецца, што практыканты самі выступяць у ролі настаўніка і паўстануць перад нямецкімі вучнямі ў актыўнай ролі.
Па выніках першай сустрэчы было вызначана, што такія мерапрыемствы будуць праводзіцца на рэгулярнай аснове – у дадзены момант у частцы падрыхтоўкі школьнай практыкі, а ў далейшым выйдуць у плоскасць анлайн-канферэнцый, на якіх плануецца рэгулярнае абмеркаванне вынікаў навукова-практычнага супрацоўніцтва.
Будучыя ўдзельнікі праекта з нецярпеннем чакаюць пачатку яго актыўнай фазы, каб паказаць сябе ў справе.
А.П. Нарчук