У 2018 годзе паміж Дзяржаўным універсітэтам імя Сэма Х’юстана, Злучаныя Штаты Амерыкі, і Гомельскім дзяржаўным універсітэтам імя Францыска Скарыны быў падпісаны дагавор аб міжнародным супрацоўніцтве, у рамках якога ажыццяўляецца ўзаемадзеянне паміж амерыканскай і беларускай ВНУ.
Па запрашэнні амерыканскіх калегаў прадстаўнікі ад беларускай ВНУ ў складзе Цімура Бародзіча, намесніка дэкана па вучэбнай рабоце факультэта завочнага навучання і давузаўскай падрыхтоўкі, Мікалая Галіноўскага, старшыні прафкама ўніверсітэта, Таццяны Пачынак, загадчыка кафедры міжкультурных камунікацый і міжнароднага турызму, а таксама Андрэя Паўленка, магістранта факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій (тэхнічная падтрымка) прынялі ўдзел у Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Universality of Global Education. Global Community – Local Strategies and Solutions”, якая 5-6 сакавіка ў анлайн-рэжыме праходзіла ў амерыканскай ВНУ. Дакладчыкі ад Гомельскага ўніверсітэта падрыхтавалі відэавыступленне па тэме “Practice of new forms of teaching at Higher Educational Establishments of the Republic of Belarus due to the epidemiological conditions: from the experience of Francisk Scorina Gomel State University”.
У дакладзе ўдзельнікам канферэнцыі прадстаўлены унікальны акадэмічны вопыт нашага універсітэта па арганізацыі анлайн-навучання ў складаных эпідэміялагічных умовах. У відэадакладзе адлюстраваны аспекты выкарыстання ўніверсітэцкай платформы Moodle для правядзення лекцый, семінараў на розных факультэтах, разгледжаны вопыт ВНУ па правядзенні залікова-экзаменацыйных мерапрыемстваў і арганізацыі міжнароднага супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі, адкрыцця новых запатрабаваных спецыяльнасцяў. Аўтары прадэманстравалі ўдзельнікам канферэнцыі канкрэтныя прыклады выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, у прыватнасці прыведзены прыклады работы са студэнтамі на факультэце матэматыкі і тэхналогій праграмавання, факультэце замежных моў і біялагічным факультэце.
Прадстаўлены вопыт паслужыў доказам таго, што, нягледзячы на складаныя ўмовы, ВНУ арганізавала і працягнула сваю дзейнасць па рэалізацыі якаснай адукацыі і падтрымання дзелавых узаемаадносін з міжнароднымі партнёрамі.
Удзельнікі міжнароднай канферэнцыі змаглі пазнаёміцца з Гомельскім дзяржаўным універсітэтам як адной з найбуйнейшых ВНУ нашай рэспублікі.
Дзякуем нашым партнёрам за запрашэнне да ўдзелу ў навуковай канферэнцыі і спадзяемся на працяг міжнароднага супрацоўніцтва!
Згуртаваная праца прадстаўнікоў чатырох факультэтаў нашага ўніверсітэта ў падрыхтоўцы адзінага выступлення для ўдзелу ў міжнароднай канферэнцыі яшчэ раз даказвае аксіёму, што моцная каманда – гэта сіла думкі і сіла дзеяння!
Цімур Бародзіч,
Мікалай Галіноўскі,
Таццяна Пачынак