У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны адбыўся Міжнародны круглы стол “Гісторыка-культурная спадчына Беларусі і Расіі. Памяць культуры вечная”, арганізаваны ў анлайн-фармаце сумесна з расійскімі ўніверсітэтамі – Чувашскім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя І.Якаўлева і Пскоўскім дзяржаўным універсітэтам.
З прывітальным словам ад Гомельскага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны выступіў Алег Міхайлавіч Дземідзенка, прарэктар па навуковай рабоце, доктар тэхнічных навук, прафесар.
З прывітальнымі словамі ад расійскіх універсітэтаў-партнёраў выступілі:
Ігар Уладзіміравіч Кажанаў, прарэктар па навуковай і інавацыйнай рабоце Чувашскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І. Якаўлева, доктар педагагічных навук;
Тарас Карнеліевіч Антал, прарэктар па навуковай рабоце, доктар біялагічных навук, прафесар Пскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Студэнты беларускага і расійскіх універсітэтаў падрыхтавалі даклады і прэзентацыі пра славутасці Беларусі, Чувашыі і Пскоўскай зямлі на англійскай, рускай і беларускай мовах.
Культурна-гістарычную спадчыну і турыстычны патэнцыял нашай рэспублікі і Гомельскай вобласці прадставілі студэнты 1 курсаў гістарычнага і філалагічнага факультэтаў (праграма круглага стала прыкладаецца):
- “Славутасці культуры Рэспублікі Беларусь” – Анастасія Савошка і Юлія Спектар, спецыяльнасць “Руская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)”;
- “Знакавыя культурныя аб’екты Гомельскай вобласці Рэспублікі Беларусь” – Святлана Мухіна, спецыяльнасць “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый (міжнародны турызм)”;
- “Легендарная Беларусь. Беларускія паданні і міфы” – Надзея Гайдук, спецыяльнасць “Беларуская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)”.
У інтэрактыўным фармаце студэнты ўніверсітэтаў-удзельнікаў маглі задаць пытанні і абмяняцца думкамі.
Вельмі цікавыя, пазнавальныя і арыгінальныя даклады былі падрыхтаваныя чувашскімі і пскоўскімі студэнтамі і магістрантамі.
З заключным словам і пажаданнямі далейшага супрацоўніцтва ад Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта выступілі Станіслаў Аляксандравіч Чаропка, дэкан гістарычнага факультэта, і Алена Мікалаеўна Палуян, дэкан філалагічнага факультэта.
Мы шчыра ўдзячныя нашым расійскім калегам за сумесную і зладжаную працу па арганізацыі мерапрыемства.
Дзякуем студэнтам і магістрантам за цікавасць і па-майстэрску падрыхтаваныя і прадстаўленыя даклады і прэзентацыі.
Спадзяемся на працяг эфектыўнага і цікавага супрацоўніцтва паміж нашымі універсітэтамі!
Таццяна Пачынак і Станіслаў Чаропка,
гістарычны факультэт