Аб мове і культуры ўсходніх славян і кітайцаў

Submitted by Dmitry_Gorbachev on сер, 15/12/2021 - 18:03

8 снежня Інстытутам Канфуцыя была праведзена III Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Кітайская мова і культура Кітая ва ўсходнеславянскім кантэксце". Дзве папярэднія канферэнцыі па аналагічнай тэматыцы былі праведзены ў 2017 і 2019 гадах. У сёлетняй канферэнцыі прынялі ўдзел больш за 50 выкладчыкаў ВНУ, аспірантаў, магістрантаў і студэнтаў з Беларусі, Кітая, Расіі і Украіны. Сярод іх - прафесара А.М. Гардзей (МДЛУ, г. Мінск) і У.І. Сянкевіч (Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна), прафесар Цзянь Цюнь (Даляньскі політэхнічны ўніверсітэт, г. Далянь), выпускнік нашага ўніверсітэта кандыдат філалагічных навук Цао Чэнь (Цзянсускі педагагічны ўніверсітэт, г. Сюйчжоу), дацэнт А.У. Крэмнеў (Іркуцкі дзяржаўны ўніверсітэт), прафесар Ю.А. Шэпель (Днепрапятроўскі нацыянальны ўніверсітэт).

Выступаючы з дакладамі і паведамленнямі ў анлайн- і афлайн-фарматах, удзельнікі канферэнцыі аналізавалі славянска-кітайскія этнамоўныя паралелі, разглядалі ўсходнеславянскія і кітайскую мовы з пункту гледжання адлюстравання ў іх традыцыйнай культуры і асноўных духоўна-маральных каштоўнасцей усходніх славян і кітайцаў.

Важнае месца ў выступах занялі пытанні методыкі выкладання кітайскай мовы для рускамоўнай аўдыторыі. На заканчэнне работы канферэнцыі адбылося ўзнагароджанне пераможцаў аб'яўленага Інстытутам Канфуцыя конкурсу творчых работ "Кітай: гісторыя і сучаснасць" у розных намінацыях: малюнкі, ручныя вырабы, відэа- і аўдыёматэрыялы на кітайскай мове.

Відэа
Падраздзяленнi