Сёння, у час інфармацыйных тэхналогій, ёсць рэчы, якія застаюцца нязменнымі. Гэта імкненне чалавека спасцігнуць таямніцы сваёй душы, жаданне перадаць наступным пакаленням звычайныя чалавечыя каштоўнасці. У гэтым грамадству дапамагаюць такія навукі, як псіхалогія і педагогіка. Пра сучасныя спецыяльнасці і міжнародныя праекты — размова з Уладзіславам БЕЙЗЕРАВЫМ, дэканам факультэта псіхалогіі і педагогікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.
— Уладзіслаў Аляксандравіч, што ўяўляе сабой сучасны факультэт псіхалогіі і педагогікі рэгіянальнага ўніверсітэта?
— Гэта мультыфункцыянальны цэнтр, дзе вучэбная работа арганічна спалучаецца з навуковымі даследаваннямі, міжнароднымі праектамі, творчымі ідэямі і валанцёрствам. На першай ступені вышэйшай адукацыі ў нас вядзецца падрыхтоўка па наступных спецыяльнасцях: “Псіхалогія” (спецыялізацыі: “сацыяльная псіхалогія”, “педагагічная псіхалогія”, “спартыўная псіхалогія”, “псіхалогія сямейных адносін”), “Сацыяльная педагогіка” і “Сацыяльная работа”. На факультэце паспяхова дзейнічае магістратура і аспірантура. У пачатку гэтага навучальнага года да нас паступілі больш за 300 магістрантаў з Кітая. Для іх заняткі выкладаюцца на англійскай мове.
Факультэт псіхалогіі і педагогікі ГДУ — гэта тры кафедры (псіхалогіі, педагогікі, сацыяльнай і педагагічнай псіхалогіі), дзве навукова-даследчыя лабараторыі (прыкладной псіхалогіі і інавацыйных тэхналогій развіцця асобы), тры студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі. Гэта сусветна вядомая навуковая школа “Развіццё інавацыйных асноў маральнага выхавання школьнікаў”, заснаваная акадэмікам Іванам Харламавым, і філіялы кафедр, што дзейнічаюць на базе ўстаноў і арганізацый.
— Уладзіслаў Аляксандравіч, якімі дасягненнямі факультэта вы ганарыцеся?
— На працягу апошніх гадоў наш факультэт займае лідзіруючыя пазіцыі ў агульным рэйтынгу ўніверсітэта. У нас рэалізуецца шмат міжнародных праектаў па праграме трансеўрапейскай мабільнасці ў сферы ўніверсітэцкай адукацыі TEMPUS, па праграме Erasmus+. Літаральна ў мінулым годзе завяршыліся два праекты. Напрыклад, міжнародны праект FOSTERC быў звязаны з развіццём у выпускнікоў беларускіх універсітэтаў кампетэнцый, запатрабаваных рынкам працы.
Паспяховым быў і міжнародны праект “Усходняе партнёрства ў сферы педагагічных інавацый у рамках інклюзіўнага навучання”. Яго мэтай было стварэнне сеткі інклюзіўных школ, развіццё інклюзіўнай адукацыі, падтрымка педагогаў, падрыхтоўка педагогаў-прадметнікаў. Справа ў тым, што менавіта прадметнікам часам не хапае спецыяльных ведаў для работы з асаблівымі дзецьмі. У ходзе праекта было выбрана 10 пілотных школ Гомельскай вобласці, на базе якіх праводзіліся сустрэчы, семінары, круглыя сталы, трэнінгі. Была выдадзена серыя дапаможнікаў. Выдатна, што гэтая жывая сетка працуе і сёння. І гэта не дзіўна — усе праекты нацэлены на доўгатэрміновую перспектыву.
З пачатку 2020 года факультэт у складзе міжнароднага кансорцыума ўніверсітэтаў распачаў рэалізацыю новага доўгатэрміновага праекта ERASMUS+ “Ад універсітэта да рынку працы ў XXI стагоддзі: крок да навучання ў рэальных умовах вытворчасці — UniLab”. Праект рэалізуецца кансорцыумам з 12 універсітэтаў Беларусі, Іспаніі, Францыі, Аўстрыі, Расіі, Азербайджана. Ён накіраваны на вырашэнне праблем рынку працы, уключаючы пытанні прафарыентацыі, а таксама супрацоўніцтва паміж установамі адукацыі і прадпрыемствамі. Рэалізацыя праекта будзе садзейнічаць укараненню інавацыйных падыходаў да арганізацыі студэнцкіх практык, распаўсюджванню бізнес-адукацыі і падтрымцы выпускнікоў на рынку працы.
— Як на факультэце рэалізуецца акадэмічная мабільнасць?
—У дакавідныя часы нашы студэнты і выкладчыкi мелі магчымасць ездзіць на стажыроўкі ў іншыя краіны свету. Напрыклад, у рамках праграмы акадэмічнай мабільнасці мы вельмі плённа супрацоўнічаем з універсітэтам Вальядаліда (Іспанія). Спадзяёмся таксама, што ў наступным навучальным годзе адправім некалькі выкладчыкаў і студэнтаў у Нацыянальны ўніверсітэт Кардовы ў Іспаніі.
Мы цесна супрацоўнічаем з універсітэтамі Казахстана. Штомесяц у нас праходзяць анлайн-лекцыі прафесараў з Аўстрыі. На факультэце ёсць выкладчыкі з міжнародным вопытам вучэбнай і навуковай дзейнасці.
— Вядома, што студэнты-псіхолагі вельмі крэатыўныя. На што скіравана творчая энергія моладзі?
— Нашы студэнты ўдзельнічаюць у многіх універсітэцкіх, гарадскіх і рэспубліканскіх мерапрыемствах, часта перамагаюць у розных конкурсах. На факультэце дзейнічаюць валанцёрскія атрады. Ёсць сертыфікаваныя валанцёры, якія працуюць у Чырвоным Крыжы. Дарэчы, з ЧК мы рэалізуем праект па сацыяльным рэпетытарстве. Гэта значыць, што студэнты і выкладчыкі сумесна з прадстаўнікамі Чырвонага Крыжа право дзяць падтрымліваючыя заняткі для дзяцей са складаных сем’яў. У будучыні плануем арганізаваць сумесны кароткі курс па аказанні першай медыцынскай дапамогі. Нашы сертыфікаваныя студэнты будуць весці заняткі для сваіх аднагодкаў.
— Якія планы па развіцці факультэта?
— Планаў шмат, але калі нешта вылучаць, то ёсць намер надалей развіваць магістратуру. У свеце зараз існуе тэндэнцыя да бесперапыннай адукацыі (навучання праз усё жыццё). Вельмі актуальнай застаецца пасляўніверсітэцкая адукацыя. Будзем пашыраць асартымент адукацыйных паслуг, прапаноўваць разнастайныя курсы.
Гутарыла Кацярына КАВАЛЕНКА. Фота аўтара.