Мова і культура не ведаюць межаў

Submitted by ias on чцв, 21/01/2021 - 11:58

Ні для каго не сакрэт, што складанасці, з якімі мы сутыкаемся на шляху да дасягнення пастаўленых мэтаў, падахвочваюць нас да ўдасканалення наяўных і развіццю новых навыкаў, стымулююць да адаптацыі да рэаліяў, даюць новыя веды. Таму эпідэміялагічная сітуацыя ў свеце стала штуршком да засваення новых формаў не толькі арганізацыі вучэбнага і выхаваўчага працэсу, але і камунікацыі ў цэлым.

Ужо больш за чатыры гады факультэт замежных моў падтрымлівае сяброўскія адносіны з Дзяржаўным універсітэтам імя Сэма Х’юстана (Sam Houston State University), які знаходзіцца ў Хантсвіле, акруга Уокер, штат Тэхас, ЗША. Выкладчыкі факультэта замежных моў разам з выкладчыкамі амерыканскай ВНУ прымаюць актыўны ўдзел у сумесных семінарах, адукацыйных праграмах, навукова-практычных канферэнцыях. 21 студзеня стартаваў новы студэнцкі семестравы праект крос-культурнай анлайн-камунікацыі, у якім прымаюць удзел студэнты Дзяржаўнага ўніверсітэта імя Сэма Х’юстана і студэнты 2 курса факультэта замежных моў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.

Галоўная мэта праекта – арганізацыя сумеснай культурна-навучальнай работы паміж студэнтамі Рэспублікі Беларусь і студэнтамі ЗША з мэтай абмену ведамі і навыкамі навучання, напрацаванага дзвюма краінамі, для выкарыстання атрыманага вопыту ў далейшым навучанні і працы.

Праект праводзіцца пры дапамозе Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна ў асобе мадэратара, выпускніцы факультэта замежных моў нашай ВНУ Арыны Яфрэмавай, і ўяўляе сабой цыкл мерапрыемстваў у рэжыме анлайн. Студэнты абедзвюх ВНУ пазнаёмяцца і абмяняюцца інфармацыяй аб студэнцкім жыцці ў Беларусі і Амерыцы, абмяркуюць сістэму здачы экзаменаў, дадуць парады і рэкамендацыі аб тым, як падрыхтавацца да сесіі і вывучыць увесь неабходны матэрыял, абмяркуюць вучобу ва ўмовах пандэміі. Мерапрыемствы будуць прадстаўлены штотыднёвымі анлайн-сустрэчамі, падрыхтоўкай прэзентацый, відэаролікаў і г.д. Абавязковым элементам праграмы стануць заняткі, накіраваныя на развіццё камунікатыўнага навыку пасродкам вывучэння асаблівасцяў мовы (вывучэнне лексікі, ідыём, выказванняў, прымавак, гутарковых фраз).

Па заканчэнні праекта чакаецца пашырэнне кругагляду студэнтаў дзякуючы вывучэнню асаблівасцяў культур, пераадоленне моўнага бар’ера, удасканаленне шляхоў вывучэння замежнай / роднай мовы і атрыманне новых ведаў на аснове міжкультурных зносін.

Можна з упэўненасцю казаць, што такі праект прынясе максімальную карысць студэнтам у іх падрыхтоўцы да іншамоўнай камунікацыі, ўзбагаціць іх маўленне і ўзровень валодання мовай.

Дэкан факультэта замежных моў

Е.У. Сажына

Фотасправаздача
Падраздзяленнi