Іскрацца снягоў дыяменты для нас!

Submitted by ias on сер, 03/02/2021 - 14:09

Было незвычайна пагодна першымі лютаўскімі днямі, каб проста так усім гэтым любавацца. І з гэтай прычыны тэму практычных заняткаў па рускай мове мы перарабілі да патрэбаў дня, вызначыўшы яе як “Зімовыя віды спорту”, і практычна ажыццявілі на ходкай лыжні за Сожам. І як аказалася, гэта было “метадычна слушна”.

Дзіўна, але сапраўды жывую, азартную цікавасць да лыж праявілі нашыя слухачы з Конга, Турцыі, Кітая, а таксама студэнты-завочнікі з Узбекістана, якія прыехалі на зімовую сесію і арганічна ўліліся не толькі ў вучэбны працэс, але яшчэ і добра акунуліся ў жыццё факультэта завочнага навучання і давузаўскай падрыхтоўкі, які адной з важнейшых задач лічыць адаптацыю замежных навучэнцаў у нашым моўным, культурным і кліматычным асяроддзі.

Усё цікава маладым! Уявіце сабе людзей, што першы раз сталі на лыжы, каб, безумоўна, праз некалькі крокаў адчуць падступнае няўхільнае прыцягенне Зямлі. Можа, з сотню разоў прымала ў свае калючыя, марозныя і сонечна-дыяментавыя абдымкі ўдзельнікаў лыжнай выправы заснежанае гарэзлівае поле за ракой! Колькі было смеху і станоўчых эмоцый, колькі было зроблена здымкаў з нашымі чароўнымі краявідамі і тут жа выслана ў розныя куткі Свету сваім родным і знаёмым!

Кожны выкладчык, які вадзіў у паходы сваіх навучэнцаў, выдатна ведае тое несамавітае адчуванне збліжэння і раскрыцця характараў, якое надыходзіць у час вандровак на прыродзе. У выпадку з замежнымі навучэнцамі ў самыя важныя моманты дадаткова паўстае выратавальная ілюзія страты моўнай мяжы, калі пра многае кажуць сугучныя адчуванні, выразы твару, вочы, рухі, сітуацыі… Таму ніколі немагчыма пераацаніць ролю натуральнага ўзаемадзеяння, заснаванага на прынцыпах павагі, эмпатыі, адчування адзіных вытокаў звычайных людскіх перажыванняў і спагады.

Рыгор Серыкаў,

дацэнт кафедры давузаўскай падрыхтоўкі і прафарыентацыі

Фотасправаздача