У час вясновых канікул традыцыйна праводзіцца заключны тур Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”. У гэтым годзе удзельнікаў (а гэта 112 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі шасці абласцей нашай краіны і горада Мінска) сустракаў гасцінны Брэст. Конкурс юных філолагаў праводзіўся на базе ДУА “Брэсцкі абласны ліцэй імя П.М. Машэрава”.
У першы дзень спаборніцтваў удзельнікі пісалі водгук на прапанаваны вершаваны ці празаічны твор. Алімпіяднікі павінны былі прадэманстраваць чытацкі вопыт (прыводзіць звесткі пра аўтара, паралелі з іншымі творамі, спасылкі на іншых аўтараў і інш.); уменне выяўляць тэму, праблему і ідэю твора, ролю сюжэта, кампазіцыі, выяўленчых сродкаў выразнасці; вызначаць і абгрунтоўваць аўтарскую пазіцыю; ацэньвалася дакладнае і вычарпальнае абгрунтаванне ўласнага прачытання твора, дарэчнае выкарыстанне ілюстрацыйнага матэрыялу. На выніковы бал уплывалі моўнае і кампазіцыйнае афармленне водгуку, творчы характар работы.
Другі этап – комплексная работа па беларускай мове і літаратуры. Прапанаваныя ў комплекснай рабоце заданні адлюстроўвалі сувязь мовы і архітэктуры, ахоплівалі розныя раздзелы сучаснага мовазнаўства, выяўлялі веды па гісторыі і тэорыі беларускай літаратуры.
Алімпіяда – гэта выпрабаванне не толькі для ўдзельнікаў, але і для членаў журы – выкладчыкаў беларускіх універсітэтаў Брэста, Віцебска, Гомеля, Гародні, Магілёва, Мінска, якія павінны былі аб’ектыўна ацаніць работы і выбраць лепшых сярод лепшых.
Удзельнікі заключнага этапа змаглі прадэманстраваць не толькі валоданне тэорыяй і практыкай у галіне мовазнаўства і літаратуразнаўства, але і мысленчую самастойнасць, шырокі кругагляд, крэатыўнасць.
Выдатна выступіла каманда Гомельскай вобласці, удзельнікі якой прывезлі 10 дыпломаў і два пахвальныя водгукі.
Спадзяюся, што нашы алімпіёнікі і надалей захаваць цікавасць і любоў да роднага слова, папоўняць шэрагі студэнтаў філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францска Скарыны.
Алена Палуян,
дэкан філалагічнага факультэта,
член журы