Знаўцы мовы Коласа і Купалы

Опубликовано Dmitry_Gorbachev - ср, 03/04/2024 - 14:02

У час вясновых канікул традыцыйна праводзіцца заключны тур Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”. У гэтым годзе удзельнікаў (а гэта 112 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі шасці абласцей нашай краіны і горада Мінска) сустракаў гасцінны Брэст.  Конкурс юных філолагаў праводзіўся на базе ДУА “Брэсцкі абласны ліцэй імя П.М. Машэрава”.

У першы дзень спаборніцтваў удзельнікі пісалі  водгук на прапанаваны вершаваны ці празаічны твор. Алімпіяднікі павінны былі прадэманстраваць чытацкі вопыт (прыводзіць звесткі пра аўтара, паралелі з іншымі творамі, спасылкі на іншых аўтараў і інш.); уменне выяўляць тэму, праблему і ідэю твора, ролю сюжэта, кампазіцыі, выяўленчых сродкаў выразнасці; вызначаць і абгрунтоўваць аўтарскую пазіцыю; ацэньвалася дакладнае і вычарпальнае абгрунтаванне ўласнага прачытання твора, дарэчнае выкарыстанне ілюстрацыйнага матэрыялу. На выніковы бал уплывалі моўнае і кампазіцыйнае афармленне водгуку, творчы характар работы.

Другі этап – комплексная работа па беларускай мове і літаратуры. Прапанаваныя ў комплекснай рабоце заданні  адлюстроўвалі сувязь мовы і архітэктуры, ахоплівалі розныя раздзелы сучаснага мовазнаўства, выяўлялі веды па гісторыі і тэорыі беларускай літаратуры.

Алімпіяда – гэта выпрабаванне не толькі для ўдзельнікаў, але і для членаў журы – выкладчыкаў беларускіх універсітэтаў Брэста, Віцебска, Гомеля, Гародні, Магілёва, Мінска,  якія павінны былі аб’ектыўна ацаніць работы і выбраць лепшых сярод лепшых.

Удзельнікі заключнага этапа змаглі прадэманстраваць не толькі валоданне тэорыяй і практыкай у галіне мовазнаўства і літаратуразнаўства, але і  мысленчую самастойнасць, шырокі кругагляд, крэатыўнасць.

Выдатна выступіла каманда Гомельскай вобласці, удзельнікі якой прывезлі 10 дыпломаў і два пахвальныя водгукі.  

Спадзяюся, што нашы алімпіёнікі і надалей захаваць цікавасць і любоў да роднага слова, папоўняць шэрагі студэнтаў філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францска Скарыны.

 

Алена Палуян,
дэкан філалагічнага факультэта,
член журы

Фотоотчёт