Цікавасць да радыеэкалагічных даследаванняў расце (Сайт газеты «Настаўніцкая газетa»)

Submitted by Dmitry_Gorbachev on Sun, 06/20/2021 - 14:44
35 гадоў назад адбылася найбуйнейшая тэхнагенная катастрофа ў гісторыі чалавецтва — аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. З таго часу мінімізацыя яе наступстваў стала справай дзяржаўнай важнасці. Дацэнт кафедры экалогіі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта Таццяна Цімафеева больш за 20 гадоў займаецца вывучэннем тэрыторый, забруджаных радыенуклідамі.

Таццяна Цімафеева ў 1998 годзе скончыла геаграфічны факультэт Белдзяржуніверсітэта, працавала інжынерам, навуковым супрацоўнікам, старшым навуковым супрацоўнікам, навуковым сакратаром Інстытута радыялогіі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. У 2003 годзе скончыла завочную аспірантуру па спецыяльнасці “Радыебіялогія”. У 2006 го­дзе абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме “Біягеахімічная ацэнка міграцыі 137Cs і 90Sr у экасістэмах поймаў (на прыкладзе поймы ракі Сож)”. Стажыравалася ва ўніверсітэце Славеніі па лініі МАГАТЭ.

— Таццяна Анатольеўна, у чым заключаецца сутнасць навуковых даследаванняў, якімі вы займаецеся?

— Асноўны практычны вынік маёй кандыдацкай дысертацыі — магчымасць найбольш аптымальнага выкарыстання кармавых угоддзяў у межах поймы пры адсутнасці матэрыяльных сродкаў для правя­дзення аграмеліярацыйных мера­прыемстваў. Распрацаваны таксама спосабы прагназавання забруджвання радыенуклідамі травастою. У якасці інструмента для вырашэння радыеэкалагічных задач і задач, звязаных з сельскагаспадарчай вытворчасцю на забруджаных пойменных угоддзях, прапануецца выкарыстоўваць прасторава-размеркаваныя базы даных і геаінфармацыйныя тэхналогіі (ГІС).

Сёння я працягваю работу ў гэтым напрамку. Вынікі даследаванняў выкарыстоўваюцца для аналізу, ацэнкі і прагназавання радыяцыйнай сітуацыі ў поймах рэк, якія працякаюць на забруджаных тэрыторыях. Плануецца распрацаваць праграмны прадукт, які дазволіць аўтаматызаваць прагноз радыеактыўнага забруджвання травастою ў поймах.

— Як студэнты далучаюцца да навукова-даследчай дзейнасці?

— Падчас палявых практык студэнты абавязкова працуюць з дазіметрамі, вучацца вызна­чаць знешні радыяцыйны фон. Адбіраюць для вымярэння радыецэзію ўзоры глебы і травы, вучацца разлічваць каэфіцыенты пераходу радыенуклідаў. Студэнты-эколагі ў рамках валанцёрскіх праграм СНДЛ “Экабар’ер” і Асацыяцыі дзяцей і моладзі праводзяць вучэбныя семінары для школьнікаў і насельніцтва па правілах пражывання на забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі. Маладыя лю­дзі прымаюць удзел у міжнародных канферэнцыях. Даследчая работа майго магістранта Ігара Казлова атрымала дыплом І ступені на ХХIII Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў. Хлопец ацэньваў уплыў малых доз радыяцыі на гарманальны фон пацукоў.

— Чаму гэта так важна — працягваць даследаванні забруджаных тэрыторый і расказваць пра гэта людзям?

— Агульная плошча ра­дые­актыўнага забруджвання займае 13% тэрыторыі Беларусі. Плошча забруджвання радыенуклідамі з прычыны натуральнага распаду паменшылася ў 1,7 разу ў параўнанні з 1986 годам.

Варта адзначыць, што асноўныя “чарнобыльскія” радыенукліды — гэта 137Cs і 90Sr , трансуранавыя элементы плутоній-238, -239, -240 (альфа-радыенукліды) і плутоній-241 (бэта-радыенуклід, які ператвараецца ў амерыцый-241 — альфа-радыенуклід з перыядам паўраспаду 432 гады). Альфа-радыенукліды значна больш небяспечныя для жывых арганізмаў, чым бэта ці гама. Для поўнага ачышчэння тэрыторыі ад тэхнагеннага радыеактыўнага забруджвання павінна прайсці 10 перыядаў паўраспаду (300 гадоў для цэзію і стронцыю, больш за 240 000 год для плутонію). Таму гэтая праблема з намі надоўга і ў свеце ўзра­стае цікавасць да радыеэкалагічных даследаванняў.

— Таццяна Анатольеўна, удзе­лам у якіх міжнародных праектах вы найбольш ганарыцеся?

— Я вельмі рада быць удзельнікам аднаго з найбуйнейшых адукацыйных праектаў у галіне радыяцыйнай бяспекі RADIUM. Яго асноўная мэта — распрацоўка сеткавай магістарскай праграмы ў галіне радыяцыйнай абароны і культуры ядзернай бяспекі. У нашым універсітэце праект рэалізуецца на базе факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій, а я толькі адзін з удзельнікаў. Каардынуе работу беларускіх універсітэтаў БДУ. Таксама ў праекце ўдзельнічаюць БДУІР, ПалесДУ, ПДУ, ГрДУ імя Янкі Купалы. А з боку Еўрасаюза — Балонскі ўніверсітэт (каардынатар), Політэхнічны ўніверсітэт Валенсіі, Вышэйшая школа прыкладных навук Мангейма (Германія), Універсітэт Хаселта (Бельгія). У выпадку паспяховай рэалізацыі праекта магістры бу­дуць вучыцца па адзіных праграмах у галіне радыяцыйнай бяспекі.

Карыстаючыся выпадкам, хачу анансаваць нашу будучую канферэнцыю. У чэрвені наступнага года кафедра экалогіі будзе праводзіць VI Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю “Тран­сгранічнае супрацоўніцтва ў галіне экалагічнай бяспекі і аховы навакольнага асяроддзя”. Асноўнымі напрамкамі канферэнцыі будуць радыяцыйная бяспека, прымяненне ГІС у экалогіі, экалогія ў школьным выхаванні і інш. Яна арганізуецца геолага-геаграфічным факультэтам сумесна з факультэтам фізікі і інфармацыйных тэхналогій ГДУ, Белдзяржуніверсітэтам, Балонскім універсітэтам і Чэшскім універсітэтам прыродазнаўчых навук. Мы бу­дзем рады бачыць сярод удзельнікаў канферэнцыі нашых выдатных настаўнікаў, хлопчыкаў і дзяўчынак, неабыякавых да экалогіі.

Гутарыла Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

 

https://nastgaz.by/tsikavasts-da-radyeekalagichnyh-dasledavannyau-rastse/